24 студзеня кафедра беларускага мовазнаўства правяла круглы стол «Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь: будучыня залежыць ад нас», у якім прынялі ўдзел куратары акадэмічных груп і выкладчыкі кафедры.
Адкрываючы пасяджэнне, загадчык кафедры Г.К. Чахоўскі звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца найдвычай важнай дзяржаўнай кампаніяй. Кіраўнік дзяржавы ў нашай краіне выбіраецца грамадзянамі на прамых і адкрытых выбарах, ва ўмовах высокай канкурэнцыі. Таму празрыстая арганізацыя выбараў, іх адкрытае, сумленнае, заканадаўча выверанае правядзенне маюць вельмі важнае, вызначальнае значэнне з пункту гледжання захавання ўнутранай палітычнай стабільнасці, як для падтрымкі Прэзідэнта, так і для ўмацавання даверу людзей да вынікаў галасавання.
Ключавая роля ў гэтых працэсах, безумоўна, належыць выбаршчыкам. І гэта на парадак павялічвае нашу адказнасць перад усімі ўдзельнікамі выбарчага працэсу і, вядома ж, перад грамадствам. Звяртаючыся да куратараў, Георгій Канстанцінавіч адзначыў, што наша праца патрабуе глыбокіх ведаў, выразнасці, арганізаванасці, аб’ектыўнасці і ў немалой ступені ўмення быць далікатнымі са студэнтамі, уважлівымі да іх пытанняў і пажаданняў.
Выбары – гэта заўсёды няпросты, напружаны перыяд. Падзякаваўшы супрацоўнікам кафедры і куратарам за годны, высокі ўзровень працы, Г.К. Чахоўскі выказаў надзею на тое, што і далей наша дзейнасць будзе накіравана на забеспячэнне выбарчых правоў грамадзян, у тым ліку на ўзмацненне ідэалагічнай, выхаваўчай, асветніцкай працы ў акадэмічных групах, каб студэнты разумелі свае магчымасці, усведамлялі сілу свайго голасу і значнасць свайго грамадзянскага абавязку.
Абмеркаваўшы з калегамі актуальныя публікацыі вядучых беларускіх друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, загадчык кафедры азнаёміў прысутных з унікальным дакументальна-біяграфічным нарысам «Наш Президент». Афіцыйная прэзентацыя кнігі пра беларускага лідара адбылася 20 студзеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. У аўтарскі калектыў увайшлі дзяржаўны дзеяч, прафесар Аляксандр Радзькоў, прэс-сакратар Прэзідэнта Беларусі Наталля Эйсмант, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пярцоў, кіраўнік Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Карлюкевіч.
Кніга пра беларускага прэзідэнта ўжо паступіла ў продаж, у прыватнасці, у крамы «Первый», а таксама ў Дом кнігі «Светач», дзе Георгію Канстанцінавічу пашчасціла набыць выданне літаральна пасля прэзентацыі: першы тыраж дакументальнага нарыса быў раскуплены адразу ж. (падрабязней на сайце sb.by)
Куратар 1 курса спецыяльнасці «Беларуская філалогія» дацэнт М.І. Свістунова звярнула ўвагу на асаблівасці дзяржаўнага будаўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь у кантэксце 30-годдзя Інстытута прэзідэнцтва. Марына Іосіфаўна падкрэсліла, што асновы дзяржаўнага ладу нашай краіны замацаваны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 г. са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэспубліканскіх рэферэндумах 1996, 2004, 2022 гг.
Рэспубліка Беларусь – унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава. Найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы з’яўляюцца чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі. Дэмакратычныя асновы беларускай дзяржаўнасці гарантуюць разнастайнасць палітычных інстытутаў, ідэалогій і поглядаў. У Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права. Дзяржава, усе яе органы i службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі i прынятых у адпаведнасці з ёй актаў заканадаўства.
Беларусь – прэзідэнцкая рэспубліка, і надзяленне Кіраўніка дзяржавы адпаведнымі паўнамоцтвамі адначасова азначае і ўскладанне на яго абавязку, які не можа быць ускладзены ні на адзін іншы орган, – выступаць гарантам Канстытуцыі, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна.
Прэзідэнт увасабляе адзінства народа, гарантуе рэалізацыю асноўных напрамкаў унутранай і знешняй палітыкі, прадстаўляе Рэспубліку Беларусь у адносінах з іншымі дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі, прымае меры па ахове суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, яе нацыянальнай бяспекі і тэрытарыяльнай цэласнасці.
Першы прэзідэнт на працягу ўсіх апошніх 30 гадоў застаецца нязменным лідарам рэйтынгу народнага даверу.
Куратар 2 курса спецыяльнасці «Беларуская філалогія» дацэнт Н.У. Чарнаброўкіна асэнсавала выбарчы працэс як грамадзянскі абавязак і шлях да мірнай будучыні нашай краіны. Наталля Уладзіміраўна адзначыла, што у нашай краіне ўсім грамадзянам, якія дасягнулі паўналецця, незалежна ад полу, нацыянальнасці, мовы, месца жыхарства, адносін да рэлігіі і г.д., дадзена права выбіраць. У гэтым выяўляецца глыбокая павага дзяржавы да кожнай асобы, значнасць меркавання і пазіцыі кожнага грамадзяніна, важнасць для дзяржавы кажнага голасу. У гэтым сэнсе права выбіраць як асноўнае палітычнае права з’яўляецца ганаровым. З другога боку, кожны грамадзянін павінен усвядоміць, што ўдзел у выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які гарантуе правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, рэалізацыю ўнутранай і знешняй палітыкі, прымае меры па ахове суверэнітэту краіны, яе нацыянальнай бяспецы і тэрытарыяльнай цэласнасці, забяспечвае палітычную і эканамічную стабільнасць, мае найважнейшае значэнне ў жыцці дзяржавы і грамадства. Удзел у выбарах – гэта выказванне грамадзянінам актыўнай і неабыякавай пазіцыі, усведамленне адказнасці за свой выбар перад бацькамі, таварышамі, калегамі, перад грамадствам і дзяржавай. У гэтым сэнсе ганаровае права выбіраць становіцца ганаровым абавязкам грамадзяніна прыняць удзел у выбарах.
Акрамя таго, удзел у выбарах з’яўляецца фактам выяўлення грамадзянскай пазіцыі, дэманструе заклапочанасць грамадзяніна лёсам свайго горада, раёна, усёй краіны. Удзел у галасаванні – гэта грамадзянскі абавязак кожнага з нас, выяўленне шчырых патрыятычных пачуццяў да сваёй Радзімы, клопат аб яе дабрабыце. Удзельнічаючы ў выбарах сёння, мы выбіраем будучыню для сваёй краіны.
Куратар 3 курса спецыяльнасці «Беларуская філалогія» дацэнт А.Л. Садоўская акцэнтававла ўвагу на тым, што на кафедры беларускага мовазнаўства куратарамі акадэмічных груп з’яўляюцца вопытныя і адказныя педагогі-прафесіяналы, якія маюць аўтарытэт у студэнцкім асяроддзі і ўмеюць выбудаваць даверлівы дыялог з моладдзю. Мы адказна ўсведамляем, што сучасны куратар закліканы дапамагчы студэнту зарыентавацца ў патоку падзей і інфармацыі, якая паступае сёння ў вялікім аб’ёме з разнастайных крыніц, выпрацаваць сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю, адчуць уласную сацыяльную значнасць праз магчымасць уплываць на лёс і будучыню сваёй краіны, у тым ліку праз выбары нацыянальнага лідара, свядома ўдзельнічаць у грамадска-культурным жыцці ўніверсітэта, горада, рэспублікі.
Праз правядзенне інфармацыйных і куратарскіх гадзін, абмеркаванне актуальнай павесткі адзіных дзён інфармавання і актыўны ўдзел куратараў і студэнтаў акадэмічных груп у дыялогавых пляцоўках, выставах і тэматычных марафонах і адбываецца выхаванне павагі і адданасці сваёй дзяржаве, глыбокае асэнсаванне паняцця канстытуцыйнага абавязку грамадзяніна, сутнасці ўнутранай і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь і, у канчатковым выніку, натуральнае фарміраванне прыхільнасці дзяржаўнай ідэалогіі, а шырэй – фарміраванне грамадзянскасці і патрыятызму сучаснай студэнцкай моладзі.
Куратар 14 акадэмічнай групы дацэнт Т.Л. Чахоўская адзначыла, што 21 студзеня ў Беларусі стартавала датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта, і правам аддаць свой голас крыху раней скарысталася шмат студэнтаў. Студзень для моладзі – адзін з найбольш адказных месяцаў: студэнты здаюць сесію, і выбары таксама ў пэўным сэнсе сталі для іх важным экзаменам – на грамадзянскую сталасць. Для тых, хто ўпершыню ўдзельнічае ў выбарах, Дзяржава падрыхтавала падарункі: кніга «Сімвалы суверэннай Беларусі» ад Цэнтральнага выбарчага камітэта, футболка з надпісам «Мой голос первый» ад Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.
Па словах Таццяны Леанідаўны, студэнты, якія прыйшлі на выбарчы ўчастак датэрмінова, з нецярпеннем чакалі выбараў: яны лічаць, што кожны павінен прыняць удзел у электаральнай кампаніі, яго голас важны і неабходны. Студэнты аддаюць свае галасы за мір, спакой, стабільнасць, новыя магчымасці для моладзі, духоўнае развіццё нашай краіны.










BY

