Сэрвісы

Неабавязкова быць беларусам, каб любіць беларускую мову

Неабавязкова быць беларусам, каб любіць беларускую мову

21 лютага 2025 г. магістрант кафедры тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства Гао Юйкунь разам са сваім навуковым кіраўніком дацэнтам Шматковай Ірынай Ігараўнай прынялі ўдзел у літаратурна-музычнай гасцёўні да Дня роднай мовы ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

У імпрэзе таксама ўдзельнічалі хор “Акадэмія” НАН Беларусі (мастацкі кіраўнік – дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Слабодчыкава Тамара Гаўрылаўна, дырыжор – малодшы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Паповіч Вольга Яўгенаўна) і паэт, публіцыст, рэдактар, журналіст Гальпяровіч Навум Якаўлевіч.

Гао Юйкунь захапіў аўдыторыю сваім цудоўным валоданнем беларускай мовай. Магістрант распавёў пра свой шлях у вывучэнні нашай нацыянальнай мовы, які пачаўся ў Сіаньскім універсітэце замежных моў, працягнуўся ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце. Разам з мовай грамадзянін Кітайскай Народнай Рэсублікі захапіўся вывучэннем беларускай культуры і літаратуры, таму і вырашыў працягнуць вучобу ў магістратуры філалагічнага факультэта БДУ. Сфера яго навуковых інтарэсаў – пераклады твораў Васіля Быкава на кітайскую мову, над дысертацыяй праца вядзецца на беларускай мове.

Гао Юйкунь нават абраў для сябе другое беларускае імя Янка, у гонар класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы, помнік якому ўстаноўлены ў Сіаньскім універсітэце. Дэкламацыя верша “Спадчына” Янкі Купалы ў яго выкананні не пакінула нікога раўнадушным, беларускі пісьменнік Навум Гальпяровіч запрасіў магістранта стаць героем сваёй аўтарскай праграмы “Суразмоўцы” на тэлеканале “Беларусь 3”.

Гао Юйкунь добра валодае чатырмя мовамі (кітайскай, англійскай, беларускай і рускай), але, з яго слоў, менавіта выкарыстанне беларускай мовы робіць яго спакойным і ўраўнаважаным.

rm3.jpg

rm2.jpg

rm1.jpg

rm.jpg

Image

Рэсурсы

Image
Image