26 сакавіка на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў рамках праекта «Запрошаны лектар» адбылася сустрэча з доктарам філалагічных навук, прафесарам кафедры рускай і беларускай філалогіі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава Аленай Уладзіміраўнай Крыклівец. Мерапрыемства, арганізаванае па ініцыятыве кафедры рускай літаратуры, сабрала студэнтаў, выкладчыкаў і ўсіх, хто цікавіцца актуальнымі даследаваннямі сучаснага літаратуразнаўства.
Прафесар прадставіла гасцям навукова-даследчы праект на тэму "Спосабы вывучэння інтэрпрэтацыі актуальнай мастацкай літаратуры (на прыкладзе твораў сучасных беларускіх аўтараў аб Вялікай Айчыннай вайне)".
У сваім выступленні лектар падкрэсліла, што тэма вайны ў літаратуры застаецца не толькі гістарычнай спадчынай, але і мастом, які звязвае пакаленні: «Сучасныя беларускія пісьменнікі і паэты пераасэнсоўваюць трагедыю праз прызму асабістых гісторый, што дазваляе захаваць памяць аб подзвігу народа, пазбягаючы шаблонаў». Асаблівую ўвагу яна надала таму, як аўтары спалучаюць дакументальную дакладнасць з мастацкай выдумкай, ствараючы шматгранныя вобразы вайны.
Лірычным і эмацыйным завяршэннем выступлення стала чытанне Аленай Уладзіміраўнай уласных вершаў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне. Яе паэзія, прасякнутая глыбокай павагай да подзвігу продкаў і ўвагай да лёсаў звычайных людзей, кранула сэрцы слухачоў.
Сустрэча завяршылася ў нефармальнай абстаноўцы: удзельнікі дзяліліся ўражаннямі, абмяркоўвалі любімыя кнігі, а некаторыя студэнты прызналіся, што пасля выступлення захацелі глыбей вывучыць творчасць сучасных беларускіх аўтараў. Мерапрыемства стала не толькі пляцоўкай для навуковага дыялогу, але і напамінам аб тым, што літаратура застаецца магутным інструментам сувязі часоў – варта толькі знайсці да яе правільныя ключы.
Уражанні аб лекцыі студэнтаў 2 курса спецыяльнасці «руская філалогія»:
Гэтая лекцыя стала для мяне не проста знаёмствам з навуковым праектам, а сапраўдным дыялогам з жывой гісторыяй. Выступленне Алены Уладзіміраўны ўразіла сваёй глыбінёй: яна не проста аналізавала тэксты, а нібы ажыўляла іх, паказваючы, як вайна адлюстроўваецца ў лёсах асобных людзей. Асабліва кранулі яе вершы - яны гучалі не як строгі акадэмічны каментар, а як асабісты ліст з мінулага.
Цімафей Антонаў
Заяўленая тэма лектара Алены Крыклівец датычылася, з аднаго боку, спосабаў вывучэння і інтэрпрэтацыі актуальнай мастацкай літаратуры, з другога – жахаў Вялікай Айчыннай вайны, выявы яе сучаснымі беларускімі аўтарамі. Прафесар – Майстар сваёй справы, распавядала жыва, цікава. Мяне ўразіла гісторыя аб тым, што ў якасці донараў для салдат выкарыстоўвалі дзяцей. Гэта выклікае яшчэ большае непрыняцце вайны і жаданне таго, каб яе ніколі не было.
Антон Гарошка
Сустрэча з прафесарам Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта Аленай Уладзіміраўнай Крыклівец пакінула ў мяне асаблівыя, па-сапраўднаму трапяткія ўражанні. Для мяне гэты момант быў значны ня толькі з акадэмічнага пункту гледжаньня, але і на больш асабістым узроўні. Мая мама вучылася ў гэтым універсітэце, і, прысутнічаючы на лекцыі, я нібы дакранулася да яе альма-матэр, адчула сувязь пакаленняў і гісторыю гэтага месца па-новаму.
Лекцыя, прачытаная прафесарам, была не проста выкладам матэрыялу – гэта было жывое, натхняльнае апавяданне, напоўненае глыбокімі ведамі і яркімі прыкладамі. Мяне ўразіла, з якой упэўненасцю і захопленасцю яна перадавала свае думкі, як лёгка злучала складаныя канцэпцыі з рэальным жыццём, робячы іх зразумелымі і захапляльнымі.
Я выйшла з аўдыторыі з адчуваннем, што атрымала не проста новую інфармацыю, а важны досвед. Гэтая сустрэча стала для мяне магчымасцю не толькі дакрануцца да ведаў, але і адчуць дух універсітэта, які калісьці быў такі дарагі маёй маме.
Віялета Будзько





BY

