3 красавіка студэнты 14-й акадэмічнай групы разам з куратарам, дацэнтам кафедры беларускага мовазнаўства Т. Л. Чахоўскай, наведалі Літаратурны музей Петруся Броўкі, які зберагае духоўную і матэрыяльную спадчыну паэта.
Сярод экспанатаў, што ўбачылі студэнты, – рукапісы і аўтографы П.Броўкі, яго родных, сяброў і сучаснікаў, машынапісныя варыянты кніг, лісты і паштоўкі, нотныя рукапісы на словы паэта. Цікавасць таксама выклікалі карціны, падараваныя П. Броўку, графічныя аркушы з ілюстрацыямі да яго твораў.
У экспазіцыі музея, якая складаецца з дакументальнай і мемарыяльнай частак, наведвальнікі падрабязна азнаёміліся з жыццёвым і творчым шляхам П. Броўкі, з маляўнічымі краявідамі тых найпрыгажэйшых мясцін, дзе ён нарадзіўся і пабываў. Мемарыяльная частка – гэта бібліятэка і рабочы кабінет П. Броўкі – той інтэр’ер, дзе ўсе рэчы і мэбля стаяць на сваіх месцах, як і пры жыцці паэта.
Асабістая бібліятэка П. Броўкі захоўвае творы мастацкай літаратуры ад старажытнарымскіх часоў да 1980 года. Гэта кнігі замежных аўтараў у перакладзе на беларускую або рускую мову, беларуская і руская савецкая літаратура, класічная і пасляваенная літаратура.
25 чэрвеня 2025 года будзе адзначацца 120-годдзе з дня нараджэння Петруся Броўкі. Для студэнтаў філалагічнага факультэта БДУ устаноўлена стыпендыя імя вядомага беларускага грамадскага дзеяча, пісьменніка, паэта і перакладчыка.



BY

