Сэрвісы

Прафарыентацыйная сустрэча з дырэктарам і галоўным рэдактарам выдавецтва «Чатыры чвэрці» Ліліянай Фёдараўнай Анцух

Прафарыентацыйная сустрэча з дырэктарам і галоўным рэдактарам выдавецтва «Чатыры чвэрці» Ліліянай Фёдараўнай Анцух

16 мая кафедра беларускага мовазнаўства правяла прафарыентацыйную сустрэчу з дырэктарам і галоўным рэдактарам выдавецтва «Чатыры чвэрці» Л.Ф. Анцух. Мерапрыемства прайшло ў межах сустрэч з заказчыкамі кадраў, што сталі ўжо традыцыйнымі на філалагічным факультэце. Арганізатарам і мадэратарам мерапрыемства выступіў загадчык кафедры беларускага мовазнаўства Г. К. Чахоўскі.

Ліліяна Фёдараўна Анцух – адна са стваральніц выдавецтва «Чатыры чвэрці», член Саюза пісьменнікаў Беларусі, Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, Прэзідыума Саюза музычных дзеячаў Беларусі, аўтар шматлікіх публікацый у кнігах, альбомах, часопісах і газетах. За сваю шматгадовую працу яна ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны, медалём Беларускай праваслаўнай царквы святой прападобнай Ефрасінні Полацкай, медалём Максіма Багдановіча, нагрудным знакам Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь «Выдатнік друку Беларусі», нагрудным знакам Саюза пісьменнікаў Беларусі «За вялікі ўклад у літаратуру», граматамі Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне». Пры ўдзеле Ліліяны Фёдараўны ў свет выходзяць кнігі беларускіх класікаў, выдатных сучасных пісьменнікаў, маладых паэтаў і празаікаў, альбомы, прысвечаныя беларускай культуры і мастацтву.

Выдавецтва «Чатыры чвэрці» было арганізавана ў 1993 годзе. Асноўнай мэтай яго стварэння было запаўненне прабелу ў падрыхтоўцы і выпуску нотна-музычнай літаратуры. Аднак, практычна з першых гадоў існавання, сфера выдавецкіх інтарэсаў значна пашырылася – распрацоўваюцца праекты па аўтэнтычнай нацыянальнай і духоўнай культуры, навуцы, адукацыі. Выдавецтва вызначаецца шырокім асартыментам выданняў: літаратурна-мастацкія, духоўна-асветніцкія, навукова-папулярныя, навуковыя, вучэбныя, вытворча-практычныя, даведачныя, рэкламныя, масава-палітычныя, выданні для вольнага часу. Цікавая падача матэрыялу і прыгожае афармленне кніг з’яўляюцца візітнай карткай выдавецтва. Гэтыя выданні даўно і заслужана занялі сваё месца ў бібліятэках, сталі годным падарункам для чытачоў.

Сёння «Чатыры чвэрці» рэалізуе не толькі свае праекты, але і выконвае заказы на рэдакцыйна-выдавецкую падрыхтоўку і паліграфічнае выкананне. За 30 гадоў у выдавецтве выйшлі ў свет кнігі, якія сталі знакавымі ў Нацыянальным кнігавыданні і ўнеслі ўклад у адраджэнне духоўнай і нацыянальнай культуры. За мастацкае, тэхнічнае і паліграфічнае выкананне работы выдавецтва штогод адзначаюцца дыпломамі рэспубліканскага конкурсу «Мастацтва кнігі». Выдавецтву «Чатыры чвэрці» першаму ў Рэспубліцы Беларусь было прысуджана званне лаўрэата ў намінацыі «За духоўнае адраджэнне».

Ліліяна Фёдараўна падзялілася з прысутнымі вопытам шматгадовай руплівай працы ў выдавецкай галіне, склала партрэт аўтарскай і чытацкай аўдыторыі выдавецтва, прадэманстравала знакавыя выданні і адказала на пытанні. Студэнты 2 і 3 курса спецыяльнасці «Беларуская філалогія» даведаліся пра тое, якімі прынцыпамі кіруецца выдавецтва, чым выдатны рэдактар адрозніваецца ад добрага, што робіць рэдактара сапраўдным прафесіяналам, якія тэмы цікавяць сучасных аўтараў.

«Кнігавыданне для мяне, адзначыла Ліліяна Фёдараўна, – патрэба душы, а не спосаб зарабляць грошы. Прыходжу да выдання кнігі, як быццам уваходжу ў храм. Адухоўленая, прасветленая радасцю. Кніга засланяе сабою ўсё. Яна жыве, як дзіця, якое яшчэ не з'явілася на свет. Нават творы геніяльнага аўтара не выдаюць, а ствараюць. Мы не выдаўцы. Мы – стваральнікі...»

IMG_20250516_125751_2.jpg

IMG_20250516_183521.jpgIMG_20250516_183705.jpg

Image

Рэсурсы

Image
Image