Сэрвісы

ХІ Міжнародная навуковая канферэнцыя “Мова – Літаратура – Культура”

ХІ Міжнародная навуковая канферэнцыя “Мова – Літаратура – Культура”

11–12 верасня 2025 г. на філалагічным факультэце прайшла ХІ Міжнародная навуковая канферэнцыя “Мова – Літаратура – Культура”, прысвечаная 500-годдзю выдання Ф.Скарынам кнігі “Апостал”. Арганізатарам канферэнцыі, прымеркаванай да важнай для беларускай філалогіі і культуры падзеі, выступіла кафедра беларускага мовазнаўства, суарганізатарам – кафедра тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства.

На пачатку работы канферэнцыі да ўдзельнікаў з прывітальнымі словамі звярнуліся дэкан філалагічнага факультэта С.А.Важнік і старшыня Беларускага аб’яднання выкладчыкаў рускай мовы і літаратуры, член прэзідыума Міжнароднай асацыяцыі выкладчыкаў рускай мовы і літаратуры, загадчык кафедры рускай мовы прафесар І.С.Роўда.

Пленарныя выступленні пачаліся з асвятлення ролі і значэння кнігі “Апостал” Ф.Скарыны для беларускага – і больш шырока – славянскага пісьменства, пра што распавёў дацэнт кафедры культуралогіі факультэта сацыякультурных камунікацый БДУ А.А.Суша. Працягам-разважаннем над станам сучаснай беларускай мовы стала выступленне прафесара кафедры беларускага мовазнаўства М.Р.Прыгодзіча. Пра адметнасць, спецыфіку і ўнікальнасць складаемага “Слоўніка сінтаксічных архаізмаў” расказаў прафесар гэтай жа кафедры С.А.Важнік.

Далейшая праца канферэнцыі прайшла ў секцыях “Актуальныя праблемы мовазнаўства” і “Літаратуразнаўства. Фалькларыстыка. Культуралогія”, на якіх выступілі філолагі БДУ (А.П.Бязлепкіна-Чарнякевіч, В.У.Зуева, Л.Ю.Маслоўская, А.М.Муравіцкая, Г.М.Мятліцкая, Ю.В.Назаранка, А.А.Радзевіч, А.Л.Садоўская, М.І.Свістунова, М.М.Хмяльніцкі, Н.У.Чарнаброўкіна, М.К.Чаеўская, Т.Л.Чахоўская, Г.К.Чахоўскі, С.М.Якуба), супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа (Г.В.Алексяевіч, П.С.Басалыга, Ц.С.Буйко, С.М.Макітрук), Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта (А.У.Дуброўскі).

Навуковае мерапрыемства выклікала пэўную цікавасць у філолагаў па-за межамі Беларусі: у праграме канферэнцыі ўдзельнікі з г. Баку (Азербайджан): Д.А.Башырава, М.М.Касімава, З.С.Саламава – Бакінскі славянскі ўніверсітэт; Д.А.Гамідава, В.Н.Джафарзадэ, С.Х.Мамедлі – Азербайджанскі тэхнічны ўніверсітэт; М.Э.Мамедлі – Азербайджанскі ўніверсітэт моў; Ф.Д.Рагімава – Бакінскі еўразійскі ўніверсітэт. Прынялі завочны ўдзел у канферэнці і былыя магістранты нашага ўніверсітэта Гао Юйкунь і Лю Цзялэ з Кітайскай Народнай Рэспублікі.

Напярэдадні канферэнцыі выйшаў з друку зборнік матэрыялаў яе ўдзельнікаў. Пазнаёміцца з ім у лічбавым фармаце можна ў электроннай бібліятэцы БДУ па спасылцы.

2_МЛК_Важник.jpg

3_МЛК_Ровдо.jpg

4_МЛК_Суша.jpg5_МЛК_Пригодич.jpg

6_МЛК_Пленарное.jpg

7_МЛК_аудитория_1.jpg

8_МЛК_аудитория_2.jpg

9_МЛК_Секция.jpg

Image

Рэсурсы

Image
Image