Сэрвісы

Некралог

Некралог

7 лістапада 2025 года ва ўзросце 83-х гадоў пайшоў з жыцця вядомы беларускі літаратуразнавец, крытык, перакладчык, паэт, грамадскі дзеяч, член Рады Саюза пісьменнікаў Беларусі, акадэмік Міжнародной акадэміі навук Еўразіі (Масква, 1994), прафесар Вячаслаў Пятровіч Рагойша.

Вячаслаў Рагойша працаваў на філалагічным факультэце БДУ на працягу 56 гадоў (з 1967 па 2023 гг.). Ён быў вядучым спецыялістам па тэорыі і гісторыі беларускай літаратуры, вершазнаўству, беларуска-іншанацыянальных літаратурных узаемасувязях, паэтыцы літаратурнага твора, праблемах тэорыі і практыкі мастацкага перакладу, параўнальнаага літаратуразнаўства. Як тэкстолаг падрыхтаваў шэраг выданняў.

Доўгі час Вячаслаў Рагойша актыўна займаўся грамадскай працай. З’яўляўся старшынёй Экспертнага савета ВАК Рэспублікі Беларусь (1996–2006), кіраваў Міжнародным фондам Янкі Купалы (1994–2016; пасля быў яго Ганаровым старшынёй), удзельнічаў у працы Вучэбна-метадычнага аб’яднання Рэспублікі Беларусь па гуманітарнай адукацыі. З 2006 па 2023 гг. – старшыня Савета по абароне дысертацый пры БДУ Д 02.01.12 па беларускай, рускай і замежных літаратурах; старшыня секцыі беларускай мовы і літаратуры Навукова-метадычнага аб’яднання Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь; член Беларускага камітэта славістаў і інш.

Асноўныя працы: “Паэтыка Максіма Танка. Культура вобраза. Характар верша” (1968), “Пераклаў Якуб Колас…” (1972), “І нясе яна дар…” (1977), “Паэтычны слоўнік” (1979, 1987, 2004), “Проблемы перевода с близкородственных языков” (1980), “Напісана рукой Купалы” (1981), “Кантакты” (1982), “Вяршыні. З невядомага і забытага пра Я. Купалу, Я. Коласа, М. Багдановіча” (1991), “І адгукнецца слова ў слове…” (1992), “Полюс цяпла: Вершы” (2007), “Вочы ў вочы, мыслі ў мыслі: Кніга перакладной паэзіі” (2013), “Беларускае вершаванне” (2010), “Мой Трыглаў: Кніга пра Я. Купалу, Я. Коласа, М. Багдановіча” (2012), “Rahojša Viačaslaŭ. Janka Kupala // A Poetic Treasury from Belarus: A celebration of the life and work of Vera Rich” (2019, у сааўтарстве), “Верш. Паэзія: энцыклапедычны даведнік” (2020), “Дзесяць саг пра Караткевіча” (2020), “Уладзімір Караткевіч: энцыклапедыя” (2020) і інш.

Аўтар і сааўтар многіх падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для школьнікаў і студэнтаў: “Беларуская літаратура ХІХ ст.: Хрэстаматыя” (1971, 1988), “Тэорыя літаратуры ў тэрмінах” (2001), “Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны і паняцці: для школьнікаў і абітурыентаў” (2009), “Уводзіны ў літаратуразнаўства” (у 2 ч. 2010–2012), “Украінская літаратура і ўкраінска-беларускія літаратурныя ўзаемасувязі” (у 3 ч. 2012–2016), вучэбны дапаможнік для 9-х класаў “Беларуская літаратура” (2011, 2019), “Тэксталогія і яе дапаможныя навукі” (2015), “Літаратуразнаўства. Фалькларыстыка” (2019) і інш.

Светлая памяць пра Вячаслава Пятровіча Рагойшу назаўсёды застанецца ў нашых сэрцах.

Image

Рэсурсы

Image
Image
Наш сайт использует файлы cookie

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики. Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.