28.11.2025 у рамках прафарыентацыйнага курса “Through Language and Culture to Future Job”, які рэалізуецца сумесна з ліцэем Ф.Э. Дзяржынскага БДУ, выкладчык кафедры германскага мовазнаўства Д.В. Шайбакова правяла інтэрактыўнае мерапрыемства “BSU – Belarusian State (Supreme) University”. У мерапрыемстве прыняў удзел 10 клас філалагічнай накіраванасці Ліцэя Ф.Э. Дзяржынскага БДУ, а таксама настаўнікі англійскай мовы вышэйшай катэгорыі В.Г. Шлык і Н.С. Трабо.
Мэтай мерапрыемства стала фарміраванне ў ліцэістаў цэласнага, асобасна значнага ўспрымання Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта як вядучага адукацыйнага і навуковага цэнтра, які валодае багатай гісторыяй, дынамічнай сучаснасцю і перспектыўнай будучыняй, стымуляванне ўсвядомленай цікавасці да пабудовы ўласнай адукацыйнай і кар’ернай траекторыі ў сценах універсітэта.
Мерапрыемства пачалося з дыялогу, дзе ліцэісты будавалі гіпотэзы аб месцы БДУ ў сусветных рэйтынгах, знаёміліся з фактамі з гісторыі ўніверсітэта. Асаблівую цікавасць выклікаў блок, прысвечаны сучасным магчымасцям: міжнароднае супрацоўніцтва, шырокая разнастайнасць даследчых праграм, навуковыя лабараторыі, праца Студэнцкага саюза і насычанае творчае жыццё ўніверсітэта.
Ключавым элементам практычнай часткі занятка стала актыўная праца з відэаматэрыяламі, прадстаўленымі на афіцыйным партале Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У працэсе прагляду прома-ролікаў ліцэісты выконвалі серыю задач на аналіз і інтэрпрэтацыю інфармацыі: фіксавалі ключавыя статыстычныя дадзеныя, супастаўлялі іх са сваімі здагадкамі, вылучалі прыярытэтныя напрамкі навуковай дзейнасці універсітэта. Завяршальнай дыскусійнай актыўнасцю выступілі дэбаты паміж групамі, дзе ўдзельнікам трэба было аргументаваць значнасць розных аспектаў універсітэцкага жыцця.
Па завяршэнні мерапрыемства ўдзельнікі адзначылі не толькі інфармацыйную насычанасць фармату, але і яго практычную арыентаванасць, якая дазволіла па-новаму ацаніць адукацыйны патэнцыял універсітэта і яго адпаведнасць індывідуальным акадэмічным запытам.




BY

