У рамках Дзён беларускай навукі кафедра рускай мовы правяла гутарку, прысвечаную 100-годдзю прафесара Паўла Паўлавіча Шубы. Супрацоўнікі кафедры падзяліліся ўспамінамі аб навуковай, навукова-метадычнай, педагагічнай дзейнасці прафесара, які амаль сорак гадоў працаваў на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і 24 гады ўзначальваў кафедру рускай мовы. Аб вялікай навукова-метадычнай спадчыне П.П. Шубы, аб яго выдатных чалавечых якасцях распавялі І.С. Роўда, Т.М. Валынец, А.Я. Долбік. Вучні П.П. Шубы працуюць амаль на ўсіх філалагічных факультэтах Беларусі, перадаюць веды па рускай мове і ў некаторых замежных краінах.
У чытальнай зале бібліятэкі філалагічнага факультэта была адкрыта выстаўка, якая на працягу тыдня знаёміла выкладчыкаў, студэнтаў з навуковымі працамі П.П. Шубы, з падручнікамі, дапаможнікамі па рускай і беларускай мовах для школ і ВНУ краіны. Яго працы – гэта не толькі крыніца ведаў, але і памяць аб Вучоным, Педагогу, Чалавеку.



BY

