Сэрвісы

«Літаратурны Алімп Беларусі»: творчая сустрэча з Міхаілам Пазняковым

12 лютага 2026 года супрацоўнікі кафедры тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства філалагічнага факультэта БДУ старшы выкладчык Святлана Крылова разам з загадчыкам кафедры дацэнтам Таццянай Марозавай наведалі творчую сустрэчу з беларускім паэтам, празаікам, перакладчыкам, публіцыстам, лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі, аўтарам больш васьмідзесяці кніг на беларускай і рускай мове Міхаілам Пазняковым, якая адбылася ў галерэі «Лабірынт» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Гэта мерапрыемства было прымеркавана да 75-годдзя Міхаіла Паўлавіча. У цяперашні час Міхаіл Пазнякоў з’яўляецца старшынёй Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Ушанаваць вядомага літаратурнага і культурнага дзеяча Беларусі сабралася вялікая колькасць гасцей, прыхільнікаў таленту паэта: прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, артысты, яго блізкія сябры.

Памятны падарунак Міхаілу Паўлавічу ўручыў старшыня Дзяржаўнага пагранкамітэта Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Канстанцін Моластаў. Было адзначана, што Міхаіл Паўлавіч у свой час служыў у пагранвойсках і мае ганаровае званне «Выдатнік пагранічнай службы».

Першы намеснік Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах уручыла Ганаровую грамату Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Было сказана шмат цёплых слоў падзякі ў адрас Міхаіла Паўлавіча за яго выдатныя творы, за яго грамадскую дзейнасць, за яго любоў да роднага беларускага слова.

Выступілі артысты Мінскага гарадскога Тэатра паэзіі, у выкананні якіх прагучалі ўрыўкі з празаічных твораў пісьменніка, песні на вершы паэта.

Атмасфера творчай сустрэчы была цёплай і шчырай, напоўненай успамінамі пра дзіцінства, пра студэнцкія гады на філалагічным факультэце БДУ. Паэт пранікнёна распавядаў пра сваю малую радзіму, пра маці, чытаў вершы, якія ёй прысвяціў, у якіх стараўся перадаць усе тыя светлыя і незабыўныя моманты, звязаныя з дарагім яму чалавекам. Гучалі ў выкананні паэта і вершы, прысвечаныя роднай Беларусі і яго малой радзіме. Былі паказаны кадры з фільма «Слова паэта», прысвечанага творчасці Міхаіла Пазнякова, яго глыбокім філасофскім роздумам аб жыцці, аб ролі паэта, аб творчасці, аб роднай вёсцы, аб бацькоўскай хаце.

У канцы сустрэчы школьнікі і студэнты чыталі вершы паэта, задавалі яму пытанні.

 

Image

Рэсурсы

Image
Image
Наш сайт использует файлы cookie

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики. Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.