Не кажыце, што родная мова
Устарэла, як у полі зямля –
Шанаваць трэба кожнае слова,
Ты пявучая мова мая!
24 лютага дацэнт кафедры германскага мовазнаўства В. Ю. Касцючэнка правяла мерапрыемства «Родная мова, прыгожая мова!» са студэнтамі трэцяга курса спецыяльнасці «Рамана-германская (англійская) філалогія», прымеркаванае да Міжнароднага дня роднай мовы. Мэта мерапрыемства – фармаванне павагі і беражлівых адносін да роднай мовы, выхавання пачуцця патрыятызму і нацыянальнай самасвядомасці, фармаванне эстэтычнага густу і далучэнне студэнтаў да нацыянальнай культуры, паглыбленае знаёмства з класічнымі і сучаснымі творамі беларускіх паэтаў. Мерапрыемства прайшло ў форме літаратурнага вечара. Падчас мерапрыемства студэнты выцягвалі карткі на адным баку якой былі напісаны прозвішча і імя беларускага паэта з невялікай біяграфічнай даведкай, а на другім баку можна было прачытаць паэтычны твор гэтага аўтара. Чытаючы і каментуючы вершы, студэнты актыўна абменьваліся думкамі, дзяліліся сваімі пачуццямі і асаблівасцямі ўспрымання тэксту. Удзельнікі мерапрыемства адзначылі асаблівую меладычнасць, выразнасць і душэўнасць беларускай мовы.
Сярод прадстаўленых аўтараў былі паэты розных пакаленняў, пачынаючы ад прадстаўнікоў ХІХ і ХХ стагоддзяў і заканчваючы сучаснымі аўтарамі ХХІ стагоддзя. Некаторыя вершы класікаў беларускай літаратуры былі добра знаёмыя студэнтам: Рыгор Барадулін («Трэба дома бываць часцей»), Яўгенія Янішчыц («Ты паклч мяне. Пазаві…»), Максім Багдановіч («Раманс». «Зiмой»). А вось з многімі творамі сучасных беларускіх паэтаў студэнты пазнаёміліся ўпершыню (Юрый Баравіцкі, Ірына Чарняк, Васіль Салавей, Алесь Дваракоў). Студэнты паказалі высокі ўзровень валодання беларускай мовай, лінгвістычную інтуіцыю і добрыя веды беларускай літаратуры.
Мерапрыемства паказала значнасць і ўнікальнасць нашай культуры, садзейнічала ўмацаванню нацыянальных каштоўнасцей і павазе да сваёй нацыянальнай спадчыны, павышэнню цікавасці да роднай мовы і мастацтва.





BY

