Сэрвісы

Спектакль-рэканструкцыя “Нюрнбергскі прысуд: урокі гісторыі для сучаснасці і будучыні” на сцэне БДУ

Спектакль-рэканструкцыя “Нюрнбергскі прысуд: урокі гісторыі для сучаснасці і будучыні” на сцэне БДУ

20 сакавіка 2026 года на базе гістарычнага факультэта БДУ па запрашэнні факультэта сацыякультурных камунікацый БДУ студыяй-тэатрам ФДБАУ ВА “Маскоўскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт” быў арганізаваны паказ спектакля-рэканструкцыі “Нюрнбергскі прысуд: урокі гісторыі для сучаснасці і будучыні”.

Падчас спектакля-рэканструкцыі былі адноўлены фрагменты пасяджэнняў міжнароднага трыбунала ў зале Палаца правасуддзя ў Нюрнбергу з моманту прад’яўлення абвінавачання нацысцкім злачынцам да вынясення ім прысуду. Спектакль-рэканструкцыю суправаджаў сінхронны пераклад з англійскай, нямецкай і французскай моў на рускую, які ажыццяўлялі студэнты перакладчыцкага факультэта МДЛУ.

Аўтары ідэі выкарыстоўвалі стваральны патэнцыял перакладу, ператварыўшы суд ў сцэнічнае дзейства.

Стваральнікі гістарычнай рэканструкцы імкнуліся да поўнай аўтэнтычнасці і паказалі гісторыю прафесійнага подзвігу перакладчыкаў як рэальную драматычную падзею, прычым сітуацыя шматбаковага перакладу ў экстрэмальных умовах была ўзнолена максімальна дакладна. Гледачы належным чынам ацанілі вялізную псіхалагічную нагрузку, якую адчулі акцёры, студэнты і выкладчыкі Маскоўскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Інсцэніроўка ў суправаджэнні жудасных кадраў з архіва ваеннай хронікі актывізавала эмацыйныя адчуванні і пачуццё суперажывання, многія ўзгадалі аповеды старэйшых сваякоў і сямейныя трагедыі.

Спектакль наведалі студэнты 3 курса спецыяльнасці “Рамана-германская філалогія” філалагічнага факультэта БДУ пад кіраўніцтвам выкладчыкаў. Дэлегацыя спецыяльнасці “Рамана-германская (французская) філалогія” прыняла рашэнне апрануцца цалкам у чорнае, каб не толькі прытрымлівацца прафесійнага этыкету, але і аддаць даніну павагі памяці перакладчыкаў, журналістаў, разведчыкаў, для якіх галоўнай зброяй Перамогі было слова.

Пасля прагляду і вяртання ў навучальную аўдыторыю адбылася рэфлексія. Студэнты 3 курса спецыяльнасці “Рамана-германская (французская) філалогія” адчулі захапленне мужнасцю і сілай духа людзей, якія забяспечвалі пераклад судовых пасяджэнняў «ад першай асобы». Студэнты ацанілі выключна цяжкія ўмовы працы сінхраністаў: працоўнае месца знаходзілася не «за кулісамі», а зусім побач з лавамі падсудных, што адыграла эмацыйную ролю, тым больш, што спектакль, як сеанс працы аднаго перакладчыка на Нюрнбергскім працэсе, доўжыўся больш за гадзіну. Гледачы перажылі «эфект прысутнасці»: падсудныя спрабавалі апраўдацца, крычалі, парушалі пратакол пасяджэння, сведкі абвінавачання давалі паказанні. У канцы рэфлексіі студэнткі адзначылі, што менавіта падчас Нюрнбергскага трыбунала савецкія спецыялісты разбурылі стэрэатып аб зусім не жаночай прафесіі ваеннага перакладчыка.

Наведванне “гістарычнай рэканструкцыі” Нюрнбергскага працэсу спрыяла выхаванню пачуцця гонару і павагі да гісторыі нашай краіны. Мерапрыемства практыка-арыентаванага характару дапоўніла веды студэнтаў па курсе тэорыі і практыкі перакладу, які вывучаўся ў папярэднім навучальным семестры. На прыкладзе гэтай культурнай падзеі будучыя перакладчыкі пераканаліся ў тым, што пераклад як від дзейнасці, які прадугледжвае пастаянны пошук і прыняцце рашэнняў, носіць ярка выражаны эўрыстычны характар.

ph250320261827347493209834.jpg

ph25032026128738974983274.jpg

ph25032026192873873982739.jpg

ph25032026192874987948937.jpg

Image

Рэсурсы

Image
Image
Наш сайт использует файлы cookie

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики. Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.