Сэрвісы

КОНКУРС “РЭХА ЧЭХАВА”: КЛАСІКА Ў ФАРМАТАХ XXI СТАГОДДЗЯ

КОНКУРС “РЭХА ЧЭХАВА”: КЛАСІКА Ў ФАРМАТАХ XXI СТАГОДДЗЯ

28 красавіка на кафедры рускай літаратуры БДУ падвялі вынікі конкурсу творчых работ “Рэха Чэхава“. Мерапрыемства, якое стала ўжо традыцыйным, сёлета набыло асаблівы размах: свае работы прапанавалі не толькі студэнты філалагічнага факультэта, але і навучэнцы школ і каледжа. А сімвалічнымі падарункамі пераможцам сталі сувеніры з Таганрога, радзімы пісьменніка і драматурга.

Конкурс, задуманы як поле для творчых эксперыментаў, складаўся з чатырох намінацый, кожная з якіх дазваляла паглядзець на чэхаўскую спадчыну праз прызму сучасных культурных практык. У намінацыі “Літаратурная перазагрузка” спаборнічалі аўтары пародый, рэмэйкаў, прыквелаў і фанфікаў – словам, усе, хто рызыкнуў прадоўжыць або пераасэнсаваць класічныя сюжэты. Прадстаўленыя на конкурс тэксты дэманструюць шырокі спектр жанравых і стылістычных эксперыментаў, аб'яднаных агульным вектарам – дыялогам з чэхаўскай спадчынай. Удзельнікі звярнуліся да такіх формаў, як сіквел (“Таўсты і Тонкі. Працяг”, “Іёныч”), рэмейк (“Кашмар студэнта”, “Туга”), фанфік (“Натхнёныя Чэхавым”), спін-оф (“Пасля футляра” ад асобы Варанькі), а таксама стылізацыі пад дзённікавыя запісы і каляндарныя тэксты (“Каляндар «Брэгэта»”, “З дзённіка аднаго юнака”). Асобную групу складаюць парадыйна-іранічныя пераасэнсаванні чэхаўскіх матываў – напрыклад, “Агрэст у вішнёвым садзе” уяўляе сабой гібрыдны сюжэт з дасылак да розных апавяданняў, а Інтэлігентнае бервяно разгортвае чэхаўскую эстэтыку абсурду ў судова-гастранамічным ключы. У некалькіх працах прыкметна імкненне да лірычнай рэфлексіі і філасофскага абагульнення: “Слімак” (прытча пра дом і свабоду), “Мара” (дыялог-споведзь на тэмы веры, крыжа і мастацтва), “Пасля футляра” (унутраны маналог, які пераасэнсоўвае страх і цішыню як спадчыну Белікава).

Дыпломы першай, другой і трэцяй ступені атрымалі:

Бегіян Фяўронія (3 курс, “Руская філалогія”);

Бярозаўская Яніна (2 курс, “Усходняя філалогія”);

Собаль Ксенія (2 курс, “Усходняя філалогія”).

Лаўрэатамі сталі Касцюкова Анастасія (3 курс, “Славянская філалогія”), Кірылюк Мілана (3 курс, “Руская філалогія”) і Сіліч Арцём (3 курс, “Руская філалогія”).

“Літаратурная мемасфера” стала пляцоўкай для візуальнай творчасці: тут ацэньваліся мемы, коміксы, shorts, малюнкі і нейраарты, натхнёныя асобай і творамі Чэхава.

Журы адзначыла дыпломамі працы:

Бараноўскай Дар'і (3 курс, “Руская філалогія”);

Пецюкевіч Лізаветы (3 курс, “Славянская філалогія”);

Зыкавай Альбіны (2 курс, “Усходняя філалогія”).

Лаўрэатамі ў гэтай катэгорыі сталі: Дзёмава Лізавета (3 курс, “Славянская філалогія”), Чаўгун Ганна (3 курс, “Славянская філалогія”) і Жарабцова Паліна (2 курс, “Усходняя філалогія”).

Намінацыя “Літаратурны нэймінг”, адрасаваная прыхільнікам моўнай гульні, неалагізмаў і слоганаў, прыцягнула адзіную, але ад таго не менш яскравую ўдзельніцу – Януш Аліну (2 курс, “Усходняя філалогія”). У сваіх працах яна прапанавала дасціпныя інтэртэкстуальныя назвы, што абыгрываюць чэхаўскія вобразы ў сучасных рэаліях: прышчэпка ад сухот (туберкулёзу) “Анц(і) Чэхонтэ”, ёга-цэнтр “Дама на карачках”, сатырычны часопіс “Тоўсты і колкі”, а слоган для гандлёва-забаўляльнага цэнтра “У чалавеку павінна быць усё выдатна: і твар, і адзенне, і душа, і думкі” стаў годным прыкладам крэатыўнай рэцэпцыі класікі.

Нарэшце, новая намінацыя “Чэхаў без межаў” запрашала да мастацкага перакладу тэкстаў класіка на беларускую, кітайскую, англійскую і іншыя мовы, якія вывучаюцца на факультэце. Перамогу ў ёй падзялілі дзве ўдзельніцы: Таццяна Швец (3 курс, “Беларуская філалогія”), якая прадставіла пераклад апавядання “Конскае прозвішча” на беларускую мову, і Беразоўская Яніна (2 курс, “Усходняя філалогія”), якая прапанавала пераклад апавядання “Дачка Альбіёна” на кітайскую.

Асаблівасцю гэтага года стала пашырэнне кола ўдзельнікаў: на конкурс адгукнуліся не толькі студэнты 2 і 3 курсаў спецыяльнасцей “Руская філалогія”, “Беларуская філалогія”, “Славянская філалогія” і “Усходняя філалогія”, але і шасцікласнікі з Гімназіі № 1 г. Салігорска (кіраўнік – настаўнік А.І. Волкава), якія прадставілі комікс “Аднойчы ў гімназіі”, выкананы без выкарыстання тэхналогій штучнага інтэлекту, вучаніца 9 “В” класа сярэдняй школы № 3 г. Салігорска Дубоўская Паліна (пад кіраўніцтвам настаўніка М.У. Леановіч) стварыла вершаваны сіквел “Тоўсты і Тонкі. Працяг”, у якім класічная чэхаўская гісторыя аб сустрэчы двух прыяцеляў атрымлівае нечаканае развіццё – цягам часу героі, што змяніліся знешне і ўнутрана, разыходзяцца з-за ўласнай пыхлівасці. Вайцяховіч Арцём, навучэнец 2 курса Барысаўскага дзяржаўнага каледжа, пад кіраўніцтвам выкладчыка рускай мовы і літаратуры Т.А. Афанасьевай стварыў з дапамогай нейрасеткі трэйлер да апавядання “Чалавек у футарале”, ажывіўшы ілюстрацыі і суправадзіўшы іх музычным афармленнем (https://www.youtube.com/watch?v=9eYe_KbtlO0).

Усяго на конкурс паступіла больш за 40 работ. У склад журы пад старшынствам дацэнта кафедры рускай літаратуры А.С. Івановай увайшлі прадстаўнікі розных ступеняў навучання: магістрант спецыяльнасці “Літаратуразнаўства” Антон Феакцістаў, студэнты 4 курса спецыяльнасці “Руская філалогія” Ганна Іванова, 3 курса спецыяльнасці “Беларуская філалогія” Марыя Аніперава і Ксенія Суроўева і 2 курса спецыяльнасці “Руская філалогія” Антон Шут, – што дазволіла забяспечыць аб'ектыўнасць і чуласць да самых розных творчых рашэнняў.

Конкурс “Рэха Чэхава”, які праводзіцца на філалагічным факультэце, ўжо некалькі гадоў застаецца ўнікальнай творчай прасторай, дзе акадэмічная традыцыя сустракаецца са студэнцкай крэатыўнасцю і практыкай інтэртэкстуальнай гульні. Тут класічны канон становіцца аб'ектам актыўнай і жывой рэцэпцыі. Конкурсныя работы паказваюць, як чэхаўскія сюжэты і вобразы ажываюць у фарматах, блізкіх і зразумелых сённяшняй моладзі: мова мемаў, візуальны старытэлінг, лічбавыя эксперыменты. Конкурс выступае медыятарам паміж універсітэцкім асяроддзем і сучаснымі культурнымі практыкамі, нараджаючы новыя мікражанры і мадэлі чытання.

Падобныя студэнцкія праекты адкрываюць магчымасць для творчых эксперыментаў. Тут фарміруюцца контуры будучай кніжнасці, заснаванай не на пасіўным спажыванні, а на дыялогу, пераасэнсаванні, гульні з тэкстам і лічбавай камунікацыі. І конкурс “ Рэха Чэхава” – яскравае пацверджанне таго, што класіка жыве не ў музеях і бібліятэках, а ў актыўным, часам дзёрзкім, але заўсёды паважлівым дыялогу з новымі пакаленнямі чытачоў.

Віншуем пераможцаў, дзякуем усім удзельнікам і чакаем новых творчых праектаў у наступным годзе.

Рэха чэхаўскага слова працягвае гучаць!

ph0505202612983798273981.jpg

ph050520261927309128309283.jpg

ph0505202619283798273.jpg

ph05052026192873982730183.jpg

Image

Рэсурсы

Image
Image