21 верасня на філалагічным факультэце адбылася сустрэча студэнтаў першага курса з доктарам гістарычных навук, прафесарам, старшынёй Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы Ігарам Аляксандравічам Марзалюком. Мерапрыемства было прымеркавана да Дня народнага адзінства.
Сустрэча прайшла ў фармаце адкрытага дыялогу і сабрала зацікаўленых і адкрытых студэнтаў. Ігар Аляксандравіч павітаў першакурснікаў з пачаткам навучання, пажадаў ім плённай працы і актыўнага ўключэння ў жыццё факультэта. Ён падкрэсліў, што студэнцкія гады – гэта не толькі час прафесійнага станаўлення, але і важны этап фарміравання грамадзянскай пазіцыі.
У асноўнай частцы выступлення І.А. Марзалюк спыніўся на пытаннях гістарычнай памяці, нацыянальнай ідэнтычнасці і кансалідацыі беларускага грамадства. Асобная ўвага была ўдзелена ролі філалагічнай адукацыі ў захаванні культуры і духоўнай спадчыны народа. Спікер адзначыў, што менавіта філолагі фарміруюць культуру грамадства і перадаюць наступным пакаленням нацыянальныя каштоўнасці.
Падчас сустрэчы былі закрануты таксама пытанні заканадаўчага забеспячэння адукацыйнай сферы, падтрымкі маладых навукоўцаў, удзелу моладзі ў грамадскім і культурным жыцці краіны. Ігар Аляксандравіч адказаў на пытанні студэнтаў, звязаныя як з гістарычнымі падзеямі, так і сучасным паўсядзённым жыццём: патрыятычнай пазіцыяй філолага, міждысцыплінарных навуковых даследаванняў і праектаў.
Асабліва жывы водгук выклікала размова пра тое, як малады чалавек можа ўнесці ўклад у захаванне гістарычнай памяці і нацыянальнага адзінства. Ігар Марзалюк падкрэсліў, што гэта пачынаецца з павагі да роднага слова, цікавасці да гісторыі сваёй сям’і, горада, краіны і актыўнай жыццёвай пазіцыі.
Першакурснікі адзначылі змястоўнасць і карыснасць сустрэчы. Яны мелі магчымасць не толькі пачуць меркаванне аўтарытэтнага вучонага і дзяржаўнага дзеяча, але і задаць хвалюючыя пытанні ў жывым дыялогу. Падобныя мерапрыемствы традыцыйна праводзяцца на філалагічным факультэце і спрыяюць фарміраванню актыўнай грамадзянскай пазіцыі, павазе да гістарычнай спадчыны і пачуццю гонару за сваю краіну.
Сустрэча стала важным крокам у станаўленні маладых людзей як свядомых і адказных грамадзян Беларусі, а таксама дала студэнтам новы імпульс для навуковага і культурнага развіцця.





BY

