Першая міжнародная навуковая канферэнцыя «Кітайская мова і літаратура: гісторыя, сістэма, функцыянаванне», прысвечаная 105-годдзю БДУ, 25-годдзю выкладання кітайскай мовы на філалагічным факультэце, 15-годдзю кафедры кітайскай філалогіі, прайшла з 2 па 3 кастрычніка на філалагічным факультэце БДУ (вул. К. Маркса, 31). Работа форума была арганізавана ў вочна-дыстанцыйным фармаце з удзелам каля 50 навукоўцаў-сінолагаў з Беларусі, Расіі, Кітая і Узбекістана (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт замежных моў, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны, Маскоўскі гарадскі педагагічны ўніверсітэт, Казанскі федэральны ўніверсітэт, Паўночна-Усходні федэральны ўніверсітэт імя М. К. Амосава, Ташкенцкі дзяржаўны ўніверсітэт усходазнаўства, Фуданьскі ўніверсітэт, Ханчжоўскі педагагічны ўніверсітэт і інш.). Усяго адбылося восем секцыйных пасяджэнняў.
Удзельнікі канферэнцыі абмеркавалі метадалагічныя і прыкладныя праблемы вывучэння кітайскай мовы, параўнальна-гістарычнае, тыпалагічнае і супастаўляльнае напрамкі ў даследаванні кітайскай і іншых моў, лінгвапрагматычны, этналінгвістычны і лінгвакультуралагічны аспекты вывучэння кітайскай мовы, кітайскую мову і літаратуру ў міждысцыплінарным кантэксце, нацыянальнае і ўніверсальнае, традыцыйнае і наватарскае ў кітайскай літаратуры, праблемы перакладу, сучасныя стратэгіі і аспекты выкладання кітайскай мовы і літаратуры.
Па выніках работы канферэнцыі будзе падрыхтаваны зборнік навуковых матэрыялаў, якія апублікуюць у Электроннай бібліятэцы БДУ.
Арганізатарам навуковага форуму выступіла кафедра кітайскай філалогіі.


BY

