12.10.2026 у рамках полікультурнага выхавання старшыя выкладчыкі кафедры германскага мовазнаўства А.I. Ліхарад і Н.А. Мятліцкая наведалі са студэнтамі філалагічнага факультэта вечар, прысвечаны Дню памяці вялікага персідскага паэта Хафіза Шыразі. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі (БелОД) сумесна з пасольствамі Ірана і Таджыкістана ў Беларусі.
Мэта мерапрыемства – далучэнне навучэнцаў да сусветнай культуры і духоўнай спадчыны, ўзбагачэнне культурнага і эмацыйнага вопыту.
У пачатку вечара ўдзельнікі заслухалі прывітальнае слова Надзвычайных і Паўнамоцных Паслоў Таджыкістана і Ірана ў Беларусі, а таксама прагледзелі відэа зварот да прысутных старшыні Акадэміі персідскай мовы і літаратуры Ісламскай Рэспублікі Іран. Падчас мерапрыемства прагучалі вершы паэта Хафіза Шыразі як на мове арыгіналу, так і ў перакладзе на таджыкскую, рускую і беларускую мовы ў выкананні студэнтаў БДУ, членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі і іншых дзеячаў культуры.
Удзельнікі мерапрыемства пазнаёміліся з высока гуманістычнай філасофіяй Хафіза Шыразі, якую паэт вызнаваў у 14 стагоддзі, але якая актуальная і сёння і знаходзіць водгук у сучасным грамадстве. У сваёй творчасці паэт услаўляў каханне, мір, узаемную павагу і сяброўства, адстойваў справядлівасць, акцэнтуючы ўвагу на высокіх чалавечых каштоўнасцях. Яго паэзія – гэта крытыка фанатызму і экстрэмізму. На працягу вечара асабліва шмат гаварылі аб дружбе як аснове ўзаемаадносін паміж народамі, аб неабходнасці развіцця культурных сувязяў з іншымі народамі праз умацаванне агульных культурных каштоўнасцяў.
Студэнты адзначылі высокі ўзровень арганізацыі мерапрыемства, а таксама рэдкую магчымасць пагутарыць і зрабіць памятныя фота з высокапастаўленымі дыпламатычнымі асобамі.





BY

