Сэрвісы

Размова аб хвалюючым

Размова аб хвалюючым

21 кастрычніка 2026 года на філалагічным факультэце БДУ кафедра тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства арганізавала сустрэчу са святаром праваслаўнай царквы – клірыкам прыхода храма свяціцеля Мікалая Цудатворца г. Лагойска Аляксандрам Тарасевічам. На мерапрыемстве прысутнічалі студэнты 2 курса спецыяльнасці “славянская філалалогія”, 3 і 4 курса спецыяльнасці “беларуская філалогія” і 4 курса спецыяльнасці “руская філалогія”, а таксама выкладчыкі кафедры – загадчык дацэнт Таццяна Марозава, прафесар Людміла Сінькова, дацэнты Лада Алейнік, Таццяна Лук’янава, Ірына Шматкова. Мадэратарам сустрэчы выступіла дацэнт Ларыса Гедзімін.

Сустрэча прайшла ў цёплай і добразычлівай атмасферы, нефармальнасць якой спрыяла адкрытаму дыялогу, падчас якога студэнты і выкладчыкі змаглі задаць хвалюючыя пытанні бацюшку.

Тэмы, якія ўзнімаліся падчас размовы, тычыліся самых розных бакоў духоўнага жыцця і чалавечага пошуку. Напрыклад, айцец Аляксандр адказаў на пытанне, каму і як маліцца ў розных сітуацыях, у тым ліку перад экзаменам, як выбраць сабе “свайго” святога заступніка. Нягледзячы на тое, што гаворка ішла пра праваслаўе, удзельнікі праявілі цікавасць да вопыту іншых канфесій. Бацюшка падкрэсліў павагу да свабоды сумлення і адзначыў, што паміж канфесіямі павінны быць дыялог.

Вострай тэмай сустрэчы было пытанне расчаравання ў веры. Святар адкрыта адказаў на пытанні пра тое, што рабіць, калі наступае крызіс веры. Таксама бацюшка падзяліўся асабістым вопытам: як ён прыйшоў да веры і чаму вырашыў прысвяціць сябе служэнню.

Студэнты адзначылі, што асабліва каштоўным было тое, што айцец Аляксандр не пазбягаў складаных пытанняў і не даваў гатовых “правільных” адказаў, а запрашаў да роздуму. Некаторыя студэнты пасля сустрэчы засталіся для асабістай размовы – фармат “пытанне – адказ” перарос у невялікія індывідуальныя гутаркі.

Сустрэча са святаром паказала, што студэнты неабыякавыя да пытанняў веры, сэнсу і маральнага выбару, а тэма духоўнасці застаецца актуальнай для сучаснай моладзі. Падобныя мерапрыемствы дапамагаюць пашыраць кругагляд і фарміраваць уласную пазіцыю.

Арганізатары выказалі ўдзячнасць госцю за ўдзел і змястоўную размову.

ph23102026192839827398.jpg

ph231020261927398729873.jpg

ph231020269128738981237.jpg

Image

Рэсурсы

Image
Image