26.11.2026 у межах рэалізацыі плана выхаваўчай работы з моладдзю старэйшыя выкладчыкі кафедры германскага мовазнаўства С.Э. Бабок і А.С. Камаева правялі са студэнтамі 1 курса спецыяльнасці «Рамана-германская (нямецкая) філалогія» інфармацыйны час у форме інтэлектуальнай гульні «Агонь – сябар, агонь – вораг». Мерапрыемства накіравана на павышэнне ўзроўню культуры бяспекі сярод студэнтаў і навучанне простым, але жыццёва важным правілам паводзінаў у надзвычайных сітуацыях. Актуальнасць тэмы абумоўлена статыстыкай: паводле даных МНС штогод на тэрыторыі нашай краіны фіксуецца больш за шэсць тысяч пажараў, якія забіраюць жыцці сотняў людзей. Асноўнай прычынай трагедыі ў жылым сектары застаецца неасцярожнае абыходжанне з агнём.
За званне лепшых знатакоў правілаў пажарнай бяспекі на інтэлектуальным рынгу змагаліся каманды «Атрад 101», «АВіМТ» (Агонь, вада і медныя трубы) і «Сектар 112». Удзельнікаў чакалі шэсць напружаных тураў, у кожным з якіх яны правяралі сябе на прадмет ведання гісторыі пажарнай справы, незвычайных уласцівасцей агню і дыму, а таксама ўмення дзейнічаць у рэальных надзвычайных сітуацыях і аказваць першую дапамогу пацярпелым.
Гульня прайшла ў дынамічнай і займальнай атмасферы, дазволіўшы ўдзельнікам не толькі праявіць эрудыцыю і камандны дух, але і замацаваць алгарытмы дзеянняў пры ўзгаранні ў памяшканнях. Галоўны вынік мерапрыемства – усведамленне таго, што пажар лягчэй прадухіліць, чым патушыць, а веданне правілаў пажарнай бяспекі дапамагае захаваць жыццё і здароўе тых, хто знаходзіцца навокал.




BY

