Некалькі стагоддзяў гісторыі літаратуры на старонках невялікага аўтарскага часопіса, ідэі сярэднявечных кніжнікаў у візуальных вобразах, старажытнаруская славеснасць у фармаце інтэлектуальнага спаборніцтва – такім стаў чарговы занятак у межах адукацыйнага праекта кафедры рускай літаратуры «(Не)сумная літаратура» (кіраўнік – дацэнт Л. В. Камлюк-Ярашэнка).
20 лістапада студэнты першага курса спецыяльнасці «Руская філалогія» атрымалі магчымасць паглядзець на літаратурную спадчыну Сярэднявечча праз прызму сучасных творчых практык, паэксперыментаваць з формамі яе інтэрпрэтацыі і праявіць сябе ў інтэлектуальнай гульні. Заняткі правяла куратар праекта – студэнтка чацвёртага курса спецыяльнасці «Руская філалогія» Марыя Садчанка.
На гэты раз вучэбная аўдыторыя стала творчай майстэрняй, у якой студэнты асвойвалі фармат зіна – невялікага аўтарскага часопіса, дзе тэкст, выява, калаж і дызайн становяцца сродкамі інтэрпрэтацыі літаратурнага твора.
Фрагменты старажытных рукапісаў, кніжныя мініяцюры, рэпрадукцыі карцін, стылізаваныя пад даўніну старонкі – з гэтых элементаў першакурснікі стваралі ўласныя візуальна-сэнсавыя кампазіцыі. За выбарам кожнай выявы, дэталі, сімвала стаяла аналітычная задача: выявіць ключавыя ідэі старажытнарускай славеснасці, асэнсаваць іх узаемасувязь і знайсці выразную форму для іх увасаблення. Так сярэднявечная кніжнасць набыла новае прачытанне. Хоць ўзрост тэксту і вымяраецца стагоддзямі, але яго здольнасць нараджаць новыя сэнсы не мае тэрміну даўнасці.
Працягам заняткаў стала інтэлектуальная віктарына «Свая гульня», якая дала студэнтам магчымасць праверыць свае веды, праявіць эрудыцыю, знаходлівасць і ўменне працаваць у камандзе.
Асаблівым момантам заняткаў стала знаёмства з творчымі працамі студэнтаў папярэдніх гадоў, створанымі ў межах праекта «(Не)сумная літаратура». Ідэі папярэднікаў сталі крыніцай натхнення для новых удзельнікаў праекта, своеасаблівым запрашэннем да дыялогу і працягу традыцыі творчага асваення літаратурнай спадчыны.
Дыялог, інтэрактыўнасць, візуалізацыя, гульня – асноўныя прынцыпы праекта «(Не)сумная літаратура» – дазваляюць студэнтам не толькі адкрываць мастацкія сусветы твораў, але і станавіцца актыўнымі ўдзельнікамі літаратурнай камунікацыі, развіваць уласныя аналітычныя і творчыя здольнасці.




BY

