Сэрвісы

Прэзентацыя першых тамоў 25-томнага выдання У. Караткевіча

Нядаўна пачалося выданне Збору твораў у 25-ці тамах знакамітага беларускага пісьменніка Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча, на працягу 2012 года былі выдадзены два першых тамы і 19 снежня на філалагічным факультэце БДУ адбылася іх прэзентацыя. Унікальнасць і значнасць для філолагаў гэтага выдання ў тым, што ўпершыню збор твораў рыхтуецца не супрацоўнікамі акадэміі навук, а менавіта філалагічным факультэтам БДУ, нават на першай старонцы тамоў пазначаецца назва нашай навучальнай установы.

Адкрыў мерапрыемства дэкан філалагічнага факультэта, доктар філалагічных навук, прафесар І.С. Роўда. Ён расказаў прысутным, як пачыналася гэта выданне, колькі намаганняў было прыкладзена, каб задума ажыццявілася. Вядомы паэт, галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура» В.А. Шніп паведаміў, што да 2020 года запланаваны выхад у свет 25-ці тамоў, асноўную працу над якімі будуць выконваць А.Л. Верабей і І.М. Паланейчык. Сёння каля тысячы падпісчыкаў гэтага выдання, у наступныя гады іх колькасць будзе павялічвацца. Дацэнт кафедры беларускай літаратуры і культуры, кандыдат філалагічных навук А.Л. Верабей, вялікі энтузіяст, даследчык творчасці У. Караткевіча, сваё выступленне прысвяціў зместу гэтых першых тамоў, у якіх надрукаваны не толькі паэтычныя кнігі У. Караткевіча, але і вершы, якія знайшлі ў архівах, пазначаецца з рукапісаў і каму асобныя вершы былі прысвечаны, расказаў пра рэдкалегію выдання, пра тое, як У. Караткевіч прыйшоў у літаратуру. Доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры тэорыі літаратуры В.П. Рагойша, які з'яўляецца рэдактарам першага і другога тамоў Збору твораў У. Караткевіча, расказаў аб тым, як ішла праца над першымі тамамі, параіў студэнтам абавязкова набыць сабе гэтае выданне, бо наступнае можа з'явіцца не раней як праз паўстагоддзя, гэта будзе такой самай бібліяграфічнай рэдкасцю, як і выдадзеная «Беларуская энцыклапедыя» ў 18-ці тамах... Выдатны паэт С. Панізнік падзяліўся ўспамінамі пра У. Караткевіча, паказаў фотаздымкі сустрэч і сумесных вандровак, падарыў факультэту свой нядаўна выдадзены паэтычны зборнік «Нас многа». Галоўны дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Г.В. Запартыка звярнула ўвагу на тое, чым унікальны архіў У. Караткевіча, які знаходзіцца як у дзяржаўных установах (архіве-музеі і Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа), так і ў асабістых архівах сяброў і паплечнікаў пісьменніка. І калі ўсе гэтыя матэрыялы будуць выяўлены, гэта стане здабыткам літаратуразнаўчай навукі і дасць магчымасць даследчыкам напісаць не адну манаграфію пра нашага славутага майстра слова. Актыўны ўдзельнік выдання, кандыдат філалагічных навук, дацэнт П.П. Жаўняровіч, які працуе ў Інстытуце журналістыкі БДУ, рыхтуе да выдання чацвёрты том збору твораў, у якім будзе змешчана аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха». І што важна адзначыць, гэта будзе ледзь не новы твор, бо вельмі многае скарачалася цэнзурай – найперш тое, што датычылася нашай гісторыі і непакоіла тагачасных кіраўнікоў, у чытачоў будзе магчымасць пазнаёміцца з творамі У. Караткевіча, якія заззяюць новымі гранямі.

Вядучай прэзентацыі была загадчык кафедры беларускай літаратуры і культуры, доктар філалагічных навук, прафесар Т.І. Шамякіна. На мерапрыемстве было шмат гасцей: прысутнічалі прадстаўнікі розных устаноў і прыхільнікі таленту У. Караткевіча.

{gallery}2012-12-22{/gallery}

Image

Рэсурсы

Image
Image
Наш сайт использует файлы cookie

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики. Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.