У этнаграфічным кабінеце-музеі беларускай культуры ў межах распачатага ў гэтым навучальным годзе праекта праходзіць чарговая кніжная выстава – з нагоды 55-годдзя доктара філалагічных навук, прафесара кафедры беларускай літаратуры і культуры Людмілы Дзмітрыеўны Сіньковай.
Філалагічны талент (і філалагічныя гены) Людміла Дзмітрыеўна атрымала ад сваіх бацькоў. Бацька яе, Дзмітрый Якаўлевіч Бугаёў – вядомы літаратуразнаўца і крытык – шмат год працаваў на філалагічным факультэце БДУ, маці, Ніна Дзмітрыеўна Корань, – мовазнаўца, працавала ў Акадэміі навук Беларусі. Настаўнікі Л.Д. Сіньковай, традыцыі якіх яна прадаўжае ў выкладанні: светлай памяці кандыдат філалагічных навук В.В. Казлова і доктар філалагічных навук А.А. Лойка.
Сёння прафесар Л.Д. Сінькова і сама з’яўляецца настаўніцай для сваіх выпускнікоў, якія яе вельмі паважаюць і любяць, удзячны за дапамогу і актыўны ўдзел у іх станаўленні і навуковым росце.
Людміла Дзмітрыеўна даследуе гісторыю беларускай літаратуры ХХ і ХХІ стагоддзяў: дынаміку мастацкіх форм, праблемы параўнальнага літаратуразнаўства, мадэлі развіцця нацыянальнай культуры, літаратуры як з’яў найперш фенаменалагічнага, менталітэтнага парадку, актыўна друкуецца не толькі ў беларускіх, але і замежных выданнях. Аўтар каля 200 публікацый, сярод якіх “Беларуская проза ХХ стагоддзя: Дынаміка жанравых структур” (1996), зборнік літаратурна-крытычных артыкулаў “Цукровы пеўнік” (1996), зборнік “Паміж тэкстам і дыскурсам: беларуская літаратура ХХ – ХХІ стст.: гісторыя, кампаратывістыка і крытыка” (2013), прэзентацыя якога адбылася на гэтым мерапрыемстве, і вучэбныя дапаможнікі ў суаўтарстве “Святло слова: дапаможнік па лінгвакультуралогіі” (2002), “Шлях па прамой часу. Да гісторыі беларускай літаратуры Польшчы: 1958 – 2008 гг.” (2007, Беласток, зборнік пад рэдакцыяй Я. Чыквіна), “Беларуская літаратура ХХ стагоддзя: біяграфіі, бібліяграфія, літаратурная крытыка” (2008), “Сямнаццатай вясной: зборнік сучаснай беларускай прозы і крытыкі” (2010, 2011), а таксама аўтар праграм, вучэбных дапаможнікаў і хрэстаматый па гісторыі беларускай літаратуры для школьнікаў, абітурыентаў, студэнтаў.
На адкрыцці кніжнай выставы прафесара Л.Д. Сіньковай выступілі яе калегі – намеснік дэкана, дацэнт М.М. Хмяльніцкі, загадчык кафедры беларускай літаратуры і культуры, прафесар Т.І. Шамякіна, загадчык кафедры тэорыі літаратуры, прафесар В.П. Рагойша, загадчык кафедры гісторыі беларускай літаратуры, дацэнт Т.П. Казакова, прафесар кафедры беларускай літаратуры і культуры І.В. Казакова, дацэнт кафедры беларускай літаратуры і культуры Л.В. Алейнік, дацэнты кафедры гісторыі беларускай літаратуры І.Э. Багдановіч і І.М. Запрудскі, а таксама – былыя студэнты яе спецсемінара, дацэнты Інстытута журналістыкі БДУ А.П. Бязлепкіна і Ф.В. Драбеня, магістранты А. Чарнавокая (Лапіцкая), І. Часнок, Н. Буйко, выпускніцы філфака А. Карп і Г. Моўчан.
Шчыра зычым Людміле Дзмітрыеўне моцнага здароўя, далейшага плёну ў выкладчыцкай і навуковай дзейнасці, натхнення, шчасця і дабрабыту!
{gallery}2013-12-10{/gallery}


BY 
