ВНЛ беларускага фальклору і Медыятэка філфака БДУ запрашаюць Вас паўдзельнічаць у жывым квэсце «Скрыжаванне светаў. Том першы: Кніга Шчасця» (25 верасня 2015 г). Квэст будзе праходзіць у медыятэцы філфака БДУ (вул. Карла Маркса, 31, 4 паверх) з 14.00 да 21.00. Сетынг – фэнтэзійнае Сярэднявечча (шчыты, мячы, магія, дэманы і іншыя радасці). Заданні разлічаныя на каманды па 2-4 чалавекі.
Мы даём Вам:
- натуральна, непаўторную атмасферу;
-«персанажны пашпарт» для кожнага ўдзельніка;
-уласную сістэму гульнявых класаў, простую і зручную, для карткавых двубояў на Арэне;
- некалькі міні-майстэрняў і майстар-класаў для таго, каб лепш адчуць свайго персанажа;
- настольныя гульні ў карчме (паспрабуйце абыграць майстра ў даміно);
- балады пра Вашыя подзвігі ад нашых бардаў і «свабодны мікрафон»;
-цікавы асноўны квэст (з таямніцамі і няпростымі загадкамі) і некалькі пабочных прыгод (якіх менавіта – залежыць ад выбраных Вамі і Вашымі кампаньёнамі гульнявых класаў);
- і многае, многае яшчэ.
Ад Вас патрабуецца:
- добры настрой і кемлівасць;
- гульнявы тэматычны касцюм і «біяграфія» Вашага персанажа;
Наш жывы квэст спалучае ў сабе элементы квэструма, настольнай гульні і касплея. Таму ўласна выкананне заданняў з'яўляецца апцыянальным – Вы можаце, забыўшыся пра ўсё, займацца на майстар-класах, гуляць на Арэне або ў карчме, а то і проста мець зносіны з іншымі гульцамі і заводзіць новых сяброў. Або, скажам, дэманстраваць усім свой непараўнальны касцюм. Адным словам, каму што падабаецца. Самае галоўнае –весяліцца.


BY 
