Універсітэцкія будні ідуць сваім парадкам: студэнты ўсё гэтак жа неахвотна «выпаўзаюць» са свайго цёплага і ўтульнага ложка і спяшаюцца на вучобу, каб не прапусціць практычныя заняткі. А зусім нядаўна, 28 кастрычніка, увесь філалагічны факультэт з нецярпеннем чакаў выступленняў студэнтаў на традыцыйным штогадовым мерапрыемстве філфака «Візіткі першакурснікаў». Цэнзарамі па-ранейшаму засталіся Палтарацкі Ілья і Конеў Ілья, якія больш за 2 тыдні працавалі з камандамі і іх куратарамі над творчымі нумарамі.
Кожны раз гэта мерапрыемства праходзіць па-рознаму. Безумоўна, і ў гэтым годзе яго ўнікальнасць і непаўторнасць сталі відавочнымі ўжо на пачатку вечара. На сцэне з музычным прывітаннем з’явіліся прадстаўнікі Студэнцкага саюза, які па традыцыі з’яўляецца арганізатарам «Візітак», у асобе Бабака Рамана, Паўлоўскай Яны, Кулік Яны і Елісеевай Анастасіі. Выступленне стала добрым стартам для далейшых падзей.
Арыгінальныя і пазітыўныя вядучыя, Сакалоўскі Дзяніс і Елісеева Анастасія, адну за адной запрашалі групы на сцэну. Інтрыгай вечара было тое, што гледачы да апошняга моманту не ведалі, да якой філалогіі адносіцца кожная з іх. Ды і самі вядучыя здзівілі публіку тым, што з’яўляліся на сцэне ў розных касцюмах, адпаведных сцэнару.
Першымі на сцэне паказалі сябе студэнты балгарскай філалогіі (куратары Нешытая Валерыя і Вярбіцкая Ганна), якія распавялі, як бачаць ахоўніка і буфетчыцу, а таксама ўразілі неверагоднай харызмай і энергічнымі танцамі. Госці вечара знайшлі адказ на пытанне: «Ці можна на філфаку падключыцца да Wi-Fi з першага разу?» з 12-й групай італьянскай філалогіі (куратары Аўчыннікаў Уладзіслаў і Мурашка Аляксей), а таксама атрымалі асалоду ад прагляду іх крэатыўнага відэа. Група за свой выступ атрымала прыз сімпатый гледачоў. 10-я група нямецкай філалогіі (куратары Паўлоўская Яна і Бабак Раман) адкрыла сакрэт, як Канчыта Вурст, нечаканае з’яўленне якой выклікала буру смеху, стала любімай жанчынай шэйха. 8-я група англійскай філалогіі (куратары Кавалёва Кацярына і Дудук Кацярына) падаравала філфаку Фея, які замарозіў выкладчыка па жаданні студэнтаў, і ўразіла публіку наватарствам ідэі, добрай пастаноўкай і запамінальнымі персанажамі. Філфакаўцы і госці мерапрыемства прайшлі розныя ўзроўні камп’ютарнай гульні з 19-й групай усходняй філалогіі (куратары Ціханенка Валерыя і Валадзько Павел), якая здзівіла сваімі нестандартнымі жартамі і незвычайным дызайнам відэа, што, на жаль, гледачы і журы не ацанілі ў поўнай меры. Публіка танцавала разам з 13-й групай славянскай філалогіі (куратар Неўдах Надзея), у кожным дзеянні якой нельга было не ўбачыць зладжанасці і невычэрпнай энергіі . Таксама гледачы ўбачылі, пра што ж думае студэнт у ноч перад іспытам і якія эмоцыі перажывае, разам з 9-й групай англійскай філалогіі (куратары Рэбко Анастасія і Сакалоўскі Дзяніс). Хлопцы з 1-й групы беларускай філалогіі (куратар Асташова Святлана) у сваім выступленні сапраўды не далі засумаваць дэкану нашага факультэта, а 5-я група студэнтаў рускай філалогіі (куратары Катушкіна Анастасія і Дуднік Марыя) прадэманстравала сваё займальнае відэа-мініяцюру і высокае творчае майстэрства. Хочацца нагадаць, што іх адзіны хлопец, Дзяніс Гуль, быў узнагароджаны як выканаўца лепшай мужчынскай ролі, а сама група атрымала спецыяльны прыз дэкана.
А хто ж тады стаў пераможцам? Трыумфатары мерапрыемства – 11-я група французскай філалогіі пад кіраўніцтвам куратараў Гуль Таццяны і Кузняцова Антона. «Французы» ашаламілі публіку яркімі касцюмамі, танцамі і непараўнальным смехам Лізаветы Чыж, якая атрымала ўзнагароду за лепшую жаночую ролю, да таго ж распавялі нам, што трэба для паспяховага нумара візітак, і ўсім гэтым забяспечылі сабе перамогу.
Яшчэ некалькі прыемных момантаў чакала нас на гэтым мерапрыемстве: куратарская служба ўзнагародзіла 5-ю групу рускай філалогіі за лепшае відэа. Падзякай дэкана філалагічнага факультэта быў адзначаны Лунскі Сяргей, які перамог у конкурсе «Лепшы лагатып Прэс-службы Філалагічнага факультэта БДУ». Атмасферу свята стварылі таксама выступленні групы студэнтаў балгарскай філалогіі «Aблаж бэнд» (Валерыя Нешытая, Улад Чыжыкаў, Раман Чарноў, Мікіта Філіповіч) і непаўторнай Юліі Пагосавай.
Студэнты першых курсаў паказалі сябе адзінай камандай з яркім талентам і пачуццём гумару. Удзельнікі свята стварылі пазітыўную атмасферу ў зале, падаравалі буру эмоцый гледачам і ўспаміны, якія не забудуцца ніколі!
{gallery}2015-11-13{/gallery}


BY

