Сэрвісы

«Філфактар - 2015»

«Філфактар - 2015»
2 снежня, у гэты даволі халаднаваты зімовы вечар, на філалагічным факультэце зусім не было халодна. У актавай зале сабраліся студэнты ўсіх курсаў,  каб падтрымаць сваіх аднагрупнікаў і даведацца, хто ж у гэтым годзе пераможа ў конкурсе «Філфактар - 2015».
Перад пачаткам мерапрыемства гледачы маглі паўдзельнічаць у дабрачыннай акцыі і пры гэтым паласавацца пачастункамі за сваю шчодрую душу. Не абышлося без акцый ад спонсараў мерапрыемства: чароўныя дзяўчаты на ўваходзе прапаноўвалі запоўніць анкету ўдзельніка акцыі розыгрышу прызоў. Вясёлыя мімы ўздымалі настрой прысутных сваімі танцамі і пацешнымі грымасамі.
Сёлета ўсіх уразіў пачатак конкурсу: танец арганізатараў выклікаў фурор. Як аказалася, не толькі ўдзельнікі рэпеціравалі некалькі тыдняў.
Затым на сцэну выйшлі вядучыя Паша Кіслы і Ганна Шнітко – сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы. У іх атрымлівалася выкручвацца з розных непрадбачаных сітуацый, а жарты ад Пашы выклікалі бурныя апладысменты і дапамагалі расслабіцца не толькі гледачам, але і ўдзельнікам.
«Green room» можна назваць самай інтрыгуючай часткай конкурсу. Пасля свайго выступу ўдзельнікам прыходзілася адказваць на каверзныя пытанні Ганны Вярбіцкай. Дзякуючы гэтым пытанням мы лепей пазнаёміліся з удзельнікамі конкурсу.
Адкрывала конкурс Кацярына Куніцкая, якая выканала песню Паліны Гагарынай «Шагай». Яе нумар атрымаўся крыху дзёрзкім, бо двум хлопцам давялося змагацца за яе ўвагу на сцэне. Малашка Дар’я ўразіла ўсіх чуллівай песняй на французскай мове «Je T’aime». Выбар песні яна патлумачыла тым, што сама з’яўляецца моцнай і незалежнай дзяўчынай, як і спяваецца ў песні. Закрывалі першы блок Ірына Радзюк (вакал), Мікіта Філіповіч (фартэпіяна) і Кацярына Жукава (скрыпка) з песняй на ўкраінскай мове «Не питай». Пасля кожнага блоку гледачоў чакаў нумар з куратарам. Рок-н-рол блок Кацярыны Кавалёвай зарадзіў ўсю залу энергіяй.
Другі блок пачаўся з самых «непастаянных» дзяўчат «Філфактара»: Сюзанны Галубковай і Надзеі Сцяпанчавай. Яны доўга не маглі вызначыцца з песняй, але ў выніку выступілі вельмі годна, выканаўшы «Американскую жену». Затым паказалі сваё майстэрства танцоры Кіра Фядзяніна і Ангеліна Давыдзенка. Дзяўчаты ўспомнілі свае школьныя гады, калі былі аднакласніцамі. Апошняй у гэтым блоку выступала чароўная дзяўчына з моцным голасам і шыкоўнай песняй «Strong Enough» Яна Кулік. Нумар з куратарам быў на вышыні, прычым у прамым сэнсе гэтага слова! Удзельніца мінулага года і куратар ў гэтым годзе Валерыя Ціханенка паказала, як трэба спяваць і здзіўляць: спявала яна стоячы на стале!
Трэці блок сабраў шмат зорак. Валерыя Нешытая, знакамітая сваім уменнем віртуозна граць як на гітары, так і на барабанах, паказала сябе з новага боку. Ніхто нават і не думаў, што Лера выдатна спявае. На сцэне яна не толькі грала на гітары, але і спявала песню ўласнага сачынення. Наступная ўдзельніца – даволі сціплая, на першы погляд, дзяўчына, але за гэтай сціпласцю драмаў патэнцыял спявачкі. Святлана Новаш сваёй песняй «Каханне надышло» дакранулася да самых патаемных нотак душы гледачоў. А Марыя Кахно і Вольга Кавальская заваявалі сэрцы ўсіх прысутных незвычайным ірландскім танцам, які распавядаў гісторыю дзвюх зняволеных дзяўчат. Трэці блок курыраваў Раман Бабак. Як заўважылі вядучыя, Рома маладзейшы за ўсіх сваіх падапечных, аднак гэта не перашкодзіла яму зрабіць свой нумар энергічным і незвычайным. Рома ашаламіў ўсіх, хто сядзеў у зале: ён упершыню на сцэне філфака выканаў рэп!
На гэтым «Філфактары» была напружаная канкурэнцыя, але не было канкурэнтаў: усе дапамагалі адзін аднаму з нумарам або рэквізітам. І гэтая сяброўская атмасфера, напэўна, – самая галоўная характарыстыка конкурсу.
Але ўсё ж такі конкурс застаецца конкурсам, і ў ім, безумоўна, ёсць пераможцы:
Гран-пры – Нешытая Валерыя
1 месца – Малашка Дар’я
2 месца – Новаш Святлана
3 месца – Васілеўская Ірына
Прыз сімпатый гледачоў – Нешытая Валерыя
Спецыяльны прыз журы – Марыя Кахно і Вольга Кавальская
Лепшы нумар з куратарам – Раман Бабак
{gallery}2015-12-09{/gallery}
Image

Рэсурсы

Image
Image