Сэрвісы

“Лепшы стараста БДУ”

“Лепшы стараста БДУ”
Дарагія студэнты! 18 лютага, у Ліцэі БДУ прайшло адно з самых яркіх мерапрыемстваў гэтага месяца – “Лепшы стараста БДУ”. Гэта знамянальная і грандыёзная падзея зрабіла яркае ўражанне на гледачоў. Упершыню на сцэне з’явіліся не “Місс” і “Містэры”, не лепшыя выканаўцы і танцоры, а старасты, якія з усіх сіл змагаліся за званне лепшага!
Аўтарам праекта з’яўляецца прывабная і не менш крэатыўная Ксенія Валністая, якая раскрыла нам сакрэт стварэння гэтага цудоўнага конкурса і без якой яго не было б зусім. Па яе словах, ідэя нарадзілася больш за год таму, калі ішла падрыхтоўка да Дня Старасты. Разумеючы, што большасць конкурсаў сёння існуюць для таго, каб прадэманстраваць уменне падаць сябе і свой талент, яна прыйшла да высновы, што было б някепска правесці такі конкурс і сярод стараст. Гэта дазволіла б ім удасканаліць сваю дзейнасць і лепш пазняёміцца з іншымі факультэтамі.
Варта адзначыць, што арганізатарамі мерапрыемства выступілі Савет Стараст БДУ і Упраўленне выхаваўчай работы з моладдзю БДУ, якія выдатна выканалі задачу. Дзякуй ім за гэта! Але не трэба забывацца і пра ўдзельнікаў. Імі сталі 14 таленавітых стараст, якія прайшлі праз асноўныя выпрабаванні, дзе прадэманстравалі свае лідарскія і творчыя навыкі.
Нездарма кажуць: “Каб рыбу есці, трэба ў ваду лезці”. Відаць, такім прынцыпам кіравалася як сама Насця, так і яе памочнікі ў падрыхтоўцы да конкурса. Два тыдні каманда напружана працавала: здымалі відэа, прыдумвалі касцюм для візіткі, адпрацоўвалі дакладнасць танца ў суправаджэнні жывой фартэпіяннай музыкі для творчага нумару.
Конкурс відэа пачаўся за тыдзень да самога мерапрыемства, дзе студэнты маглі самі выбраць лепшае відэа шляхам інтэрнэт-галасавання. Відэаролік Насці, адназнача, развесяліў і здзівіў філфакаўцаў, паколькі многія ўбачылі ў ім сцэны са сваім удзелам, а таксама знаёмыя месцы. Наша стараста выдатна сыграла сваю ролю, паказаўшы ў відэашэрагу штодзённае жыццё і абавязкі старасты.
І вось дзень конкурса надышоў! Нервы ва ўсіх зашкальваюць, удзельнікі хвалююцца. Згас свет – і пачалося шоу. У касцюмах, якія прадстаўлялі кожны факультэт, па сцэне дэфіліравалі 14 канкурсантаў. Затым адбыўся конкурс “Візітка”, дзе старасты расказвалі пра сябе. На сцэне з’явілася наша ўдзельніца. Зала заразілася крыкамі і бурнымі апладысментамі ад кампаніі ў чырвоных кашулях, якія вельмі выразна выдзяляліся з натоўпу. І цяпер разам з імі публіка таксама надавала бадзёрасці Насці, якая вельмі хвалявалася. “Насця – дзяўчынка з казкі” – гэта непрачытаная кніга ў стылі дэтэктыва з элементамі рамана, напісаная вершамі Пушкіна. Аўтары: мама і тата, пад рэдакцыяй філфака БДУ”, – казала яна, прадстаўляючы сябе гасцям мерапрыемства. Яе выхад ў вытанчанай самаробнай сукенцы поўнасцю адлюстраваў індывідуальнасць і прыналежнасць да свайго факультэта. Асабліва незвычайнымі дэталямі былі карона і бранзалет у выглядзе сапраўднай кнігі.
Знаходлівасць і ўменне ісці на кантакт з людзьмі старасты паказалі ў “Конкурсе сітуацый”, дзе адбіліся канфлікты, з якімі сутыкаецца стараста. Ад канкурсантаў патрабавалася ўключыць кемлівасць і задзейнічаць аратарскае майстэрства, з чым кожны стараста справіўся розным чынам. Насця дастаткова добра прайшла гэта выпрабаванне.
Прыйшоў час самага адказнага выхаду на сцэну. Насця і яе таварышы па творчаму нумару сціснулі зубы ад хвалявання. Вось ён, той самы момант, якога яны так чакалі і баяліся. Плакаты ў падтрымку філфака ўжо былі нагатове, група ў чырвоных кашулях стала больш актыўнай. Пад гукі фартэпіяннай музыкі ў выкананні Каюдзінай Крысціны пачаў разгортвацца сюжэт творчага нумара. Насця – лялька ў вітрыне крамы, ў якую закахаўся прыгожы юнак, праходзячы паўз яе з абаяльнымі дзяўчатамі. Гэту ролю выдатна сыграў Яраслаў Шантрукоў. Яго ўжо не цікавілі ўсе гэтыя маладыя асобы, яму патрэбна была толькі яна. Ад кахання да яго лялька чароўным чынам ажывае... І тут зала прыходзіць у захапленне ад незвычайнага танца, які поўнасцю выявіў сутнасць цудоўнага пачуцця паміж імі. Але, на жаль, юнак з-за свайго эгаізму разбівае ажыўшай ляльцы сэрца. Напружаная музыка прымушае сэрцы гледачоў біцца хутчэй. Захоплены сабой, малады чалавек глядзіцца ў люстэрка, і тут жа заўважае, што яго адлюстраванне  – гэта лялька, без жыцця і пачуццяў. Гэту ролю ўзяў на сябе Васіль Сіндароў. Але гэта не пазбаўляе хлопца ад пакарання, і, жывы, ён становіцца сваім адбіткам, лялькай, якая стаіць поруч са сваёй палавінкай, каханне якой  загубіў.
Гучныя авацыі пасля доўгай і напружанай цішыні ўзарвалі залу як ніколі раней. І не проста так –  гэта быў лепшы нумар таго вечара. Рабко Анастасія стала пераможцам у намінацыі “Лепшы творчы нумар”, што, несумненна, узрадавала ўсіх, хто яе падтрымліваў. І гэта сапраўды яе перамога. І нават калі ёй усё ж такі не ўдалося стаць лепшай старастай БДУ, усё роўна яна будзе лепшай старастай для ўсіх нас.

“Лепшы стараста БДУ” – гэта мерапрыемства, якое сапраўды матывуе на тое, каб стаць старастай! Гэта цудоўны конкурс, які дэманструе, што стараста можа быць не толькі адказнай ці нават “зануднай”, але і вельмі крэатыўнай, разнабаковай асобай! Вынік відавочны: прыгожыя нумары, светлая атмасфера, палаючыя вочы…І гэта толькі пачатак.

{gallery}2016-03-04{/gallery}

Image

Рэсурсы

Image
Image
Наш сайт использует файлы cookie

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики. Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.