На філалагічным факультэце адбылася сустрэча студэнтаў-славістаў з першым сакратаром пасольства Украіны ў Беларусі Гуцала Марыяй Грыгор’еўнай і пісьменнікамі Наталкай Бабінай і Уладзіславам Ахроменкам. Ад кіраўніцтва факультэта і выкладчыкаў у сустрэчы бралі ўдзел намеснік дэкана, выкладчык украінскай літаратуры дацэнт Навойчык П.І. і выкладчык украінскай мовы дацэнт Валатоўская Н.А.
Гуцала М.Г. пазнаёміла прысутных з апошнімі навінамі культурнага жыцця Украіны і ўкраінскай дыяспары ў Беларусі, а таксама з мерапрыемствамі, якія плануе правесці пасольства, і перадала ў якасці падарунка кабінету ўкраінскай філалогіі вучэбна-метадычную і мастацкую літаратуру. Яна заахвоціла студэнтаў спецыяльнасці “Славянская (украінская) філалогія” да карыстання фондамі бібліятэкі пасольства. Пісьменніца Наталка Бабіна прэзентавала 3-ці нумар беларуска-ўкраінскага літаратурнага альманаха “Справа”, у якім змешчаны творы беларускіх і ўкраінскіх аўтараў, а таксама матэрыялы на гаворках поўдня Беларусі, якія вельмі набліжаны да ўкраінскай мовы. Уладзіслаў Ахроменка расказаў пра сваю творчую дзейнасць, а таксама прадставіў пераклад рамана “Тэорыя змовы” на ўкраінскую мову.
Абмеркаванне надзённых пытанняў беларуска-ўкраінскага літаратурнага і культурнага супрацоўніцтва прайшло ў атмасферы шчырасці і сяброўскага ўзаемапаразумення і было несумненна карысным для абодвух бакоў.
{gallery}2016-06-02{/gallery}


BY 
