Сэрвісы

Дзень маці

Дзень маці

Дзень маці не абышоў бокам і філалагічны факультэт. 14 кастрычніка  нашай студэнцкай прэс-службай была арганізавана акцыя “Да дня маці”, якая палягала ў вельмі простым дзеянні: “Напішы, што для цябе мама, – і атрымай цукерку”. Кожны ахвотны студэнт (і не толькі студэнт) змог у гэты дзень падзяліцца думкамі аб тым, што для яго значыць гэта сакральнае слова – “мама”, і, акрамя таго, атрымаць смачнае ўзнагароджанне.

Пасля гадзіны правядзення акцыі практычна ўвесь ватман быў заняты разнастайнымі запісамі на розных мовах, таму прыйші на дапамогу чыстыя аркушы А4. Падзяліліся сваім меркаваннем таксама выкладчыкі,  і нават намеснік дэкана па навуковай рабоце Павел Іванавіч Навойчык.

Канешне, вы спытаеце: “А што ж усё-такі атрымалася?” Апроч самых пашыраных запісаў кшталту “Мама – гэта ўсё”, “Мама – гэта самы родны чалавек”, “Мама – гэта любоў, клопат і пяшчота” і “Мама – гэта сонца”, у часткі галодных студэнтаў мама асацыюецца з блінчыкамі і баршчом. Хтосьці лічыць, што мама – гэта безліч сумак у паездку, іншы пацяшаецца з філалагічных высілкаў знайсці семантыку гэтага слова і проста канстатуе: “Мама – жонка таты”. Знайшліся і самыя “мінімалісцкія” тлумачэнні: “Мама – гэта мама”.

Кірыліцу, звыклую для нашага вока, разбавілі віншаванні на англійскай, нямецкай, туркменскай і кітайскай мовах. На жаль, запісы па-кітайску застануцца зразумелымі толькі кітайскім студэнтам і студэнтам усходняй філалогіі, але ў асноўным іншамоўныя віншаванні распавядалі нам пра мацярынскую любоў і любоў да сваіх матуль. Бадай, менавіта гэтыя пачуцці  і аб’ядноўваюць усё напісанае ў той дзень.

Безумоўна, цудоўна павіншаваць маму ў Дзень маці, але яшчэ лепей – казаць ёй пра сваю любоў без нагоды, як гэта робіць яна з самага нашага нараджэння і па сённяшні дзень. Таму часцей выказвайце словы любові, пашаны і ўдзячнасці сваім матулям проста за тое, што яны ёсць!

{gallery}2016-10-19{/gallery}

Image

Рэсурсы

Image
Image