У ДУА «Сярэдняя школа № 185 г. Мінска» студэнткамі 5 курса спецыяльнасці “Беларуская филалогія” В. І. Бароўскай і А. В. Варывончык напрыканцы лістапада праводзілася мерапрыемства ў форме літаратурнай гасцёўні пад назвай «Кожны чалавек носіць сваё неба з сабой», прысвечанае 86-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча – беларускага паэта, празаіка, драматурга, кінасцэнарыста, публіцыста і перакладчыка, сапраўднага сына сваёй Бацькаўшчыны. Мерапрыемства ладзілася з вучнямі 8-х класаў, якія самі прымалі ў ім актыўны ўдзел – дэкламавалі вершы Уладзіміра Сямёнавіча: Камушэнка Аляксандра і Дрозд Яўгенія выразна расказалі верш «Лісце», Бурая Ксенія – верш «Мокрыя травы», а Гаранкоў Данііл і Янцэвіч Кацярына зачыталі цудоўны верш «Дзе мой край?».
Васьмікласнікі з вялікай цікавасцю разглядалі фотаздымкі Уладзіміра Караткевіча, рэпрадукцыі яго замалёвак да ўласных твораў. На старонках мультымедыйнай прэзентацыі ўсе прысутныя маглі ўбачыць відэаматэрыялы пра жыццё і творчасць пісьменніка, а таксама выступ самаго Уладзіміра Сямёнавіча на яго 50-гадовым юбілеі. Пранікнёна прагучалі вершы паэта, пакладзеныя на музыку.
Напрыканцы мерапрыемства з вучнямі была праведзена крыжаванка, ключом у якой было прозвішча пісьменніка – «Караткевіч»; астатнія словы дзеці павінны былі адкрыць самі. Трэба сказаць, што васьмікласнікі вельмі хутка давалі правільныя адказы, што надзвычай узрадавала маладых практыкантаў.
У канцы імпрэзы кожнаму з прысутных было прапанавана дадаць наступныя сказы:
1. Больш за ўсё мне спадабалася (не спадабалася)…
2. Я даведаў(ла)ся…
3. Самым цікавым было…
4. Больш за ўсё мне запомніўся верш/песня…
Многім больш за ўсё спадабаўся зварот да кранальнага выступлення самаго пісьменніка, а некаторым запомнілася песня «На Беларусі Бог жыве!» у сучаснай музычнай інтэрпрэтацыі. Таксама дзеці даведаліся многа новых і цікавых момантаў з біяграфіі Уладзіміра Караткевіча.
На свяце прысутнічалі Савасценя Святлана Мікалаеўна, класны кіраўнік 8 «В» класа, а таксама намеснік дырэктара школы па вучэбнай частцы Філіповіч Наталля Анатольеўна.
Дадатковае абмеркаванне мерапрыемства плануецца ажыццявіць 7 снежня 2016 г., у межах занятку па метадычнаму курсу.
Адміністрацыя школы, групавы кіраўнік ад філалагічнага факультэта БДУ адзначаюць высокі ўзровень падрыхтоўкі пяцікурсніц Бароўскай В. І. і Варывончык А. В. і пры правядзенні ўрокаў у 8-х і 10-х класах. Гэтыя ўрокі маюць рацыянальна абгрунтаваны характар, характарызуюцца высокім узроўнем шчыльнасці ў арганізацыі дзейнасці. З вялікай патрабавальнасцю адбіраецца дыдактычны матэрыял для кожнага ўрока, рыхтуюцца ўласнымі рукамі сродкі навучання. Таленавітыя студэнткі-практыканткі рэалізуюць асобасна арыентаваны, камунікатыўна-дзейнасны, тэкстаарыентаваны падыходы да навучання, выкарыстоўваюць разнастайныя сучасныя тэхналогіі (у тым ліку здароўезберагальныя).
{gallery}2016-11-29{/gallery}


BY

