Адбылося першае пасяджэнне студэнцкага літаратурнага гуртка «Альтанка», які сёлета аднавіў працу пры кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ.
На пачатку сустрэчы прысутных прывітаў прафесар Алесь Іванавіч Бельскі, загадчык кафедры гісторыі беларускай літаратуры. Ён распавёў пра літаратурныя традыцыі ў БДУ і на філалагічным факультэце, пра дзейнасць літаб’яднання «Узлёт», якім доўгі час кіраваў беларускі паэт і ўніверсітэцкі прафесар Алег Антонавіч Лойка.
«Альтанка» ˗ літаратурны гурток на філфаку, які быў створаны на пачатку новага ХХІ стагоддзя. Студэнты актыўна выступалі на беларускім радыё, у бібліятэках і іншых установах, выдалі паэтычны альманах «Альтанка» (2011).
І вось «Альтанка» зноў збірае творчых студэнтаў, якія пішуць вершы і спрабуюць сілы ў паэтычным перакладзе. Кіраўнік літаратурнага гуртка ˗ беларуская паэтка і дацэнт БДУ Ірына Эрнстаўна Багдановіч. Творчы актыў гуртка ˗ студэнты Яўгенія Пракапчук, Кася Стаўрова, Ксеня Вярынская і інш.
Чарговае пасяджэнне літаратурнага гуртка «Альтанка» адбудзецца 13 сакавіка на кафедры гісторыі беларускай літаратуры (каб. 56). Пачатак у 20.00. Чакаем творча адораных і крэатыўных маладых аўтараў, усіх, хто піша вершы, перакладае і любіць паэзію!