25 лютага адбылося выніковае мерапрыемства «Мой факультэт: Учора. Сёння. Заўтра». Першакурснікі спецыяльнасцей «Руская філалогія» і «Беларуская філалогія» падрыхтавалі справаздачы старшаму выкладчыку кафедры англійскага мовазнаўства Крывогінай Таццяне Валянцінаўне, якая ажыццяўляла кіраўніцтва праектам. Студэнты распавялі аб наведванні родных школ у Мінску і рэгіёнах, правядзенні з вучнямі і педагогамі гутарак пра навучанне ў БДУ, гісторыю і развіццё філалагічнага факультэта. Геаграфія праекта атрымалася даволі шырокай і ахапіла амаль усе рэгіёны Беларусі: студэнты наведалі Наваполацк, Докшыцы, Ліду, Мазыр, Рэчыцу, Пінск, Бабруйск, Барысаў, Вілейку і некаторыя школы сталіцы. Падзяліліся ўражаннямі і звярнулі ўвагу на непадробны інтарэс школьнай аўдыторыі да прадстаўленага матэрыялу і інфармацыі. Пасля падвядзення вынікаў былі вызначаны лепшыя праекты. Іх распрацавалі студэнткі спецыяльнасці «Руская філалогія» Баранава Марыя і Петух Дзіяна, студэнткі спецыяльнасці «Беларуская філалогія» Мурзіч Эльвіра, Шчарбіцкая Валерыя і Субаткевіч Івона. Дзяўчаты праявілі крэатыўнасць, энтузіязм і вялікую зацікаўленасць, што дазволіла ім зрабіць цудоўныя відэа і прэзентацыі і паспяхова прадставіць іх у сваіх школах у межах праекта.