18 лістапада на кафедры класічнай філалогіі адбылася прафарыентацыйная сустрэча студэнтаў 1-га і 5-га курсаў спецыяльнасці «Класічная філалогія» з загадчыкам аддзела гісторыі Беларусі IX–XVIII стст. Андрэем Анатольевічам Мяцельскім і вядучым навуковым супрацоўнікам аддзела Алегам Іванавічам Дзярновічам на тэму «Сувязь гістарычных дысцыплін і класічнай філалогіі. Канфесійная гісторыя Беларусі».
Запрошаныя госці расказалі студэнтам пра асноўныя напрамкі даследчай работы аддзела і яго дасягненні, пазнаёмілі са значнымі навуковымі выданнямі (манаграфіямі і даведнікамі), падрыхтаванымі супрацоўнікамі аддзела. У сваім выступленні Андрэй Анатольевич Мяцельскі наглядна паказаў месца лацінскай і старажытнагрэчаскай моў на тэрыторыі Беларусі ў эпоху Сярэднявечча, іх значнасць у канфесійнай гісторыі Беларусі, прадэманстраваў студэнтам шырокую праблематыку навуковых даследванняў і велізарны корпус неперакладзеных дакументаў, якія адкрытыя для спецыялістаў з веданнем класічных моў.
У сваю чаргу, прадстаўнікі кафедры расказалі пра ўжо рэалізаваныя студэнцкія праекты. Студэнтка 5-га курса Валерыя Скарабагатая (кіраўнік даследчага праекта «Наша Радзіма на картах і гравюрах ХVI–XVII стст.») і старшы выкладчык Дзмітрый Генадзьевіч Мінкевіч (куратар праекта) абмеркавалі з гасцямі цяжкасці, з якімі сутыкнуліся падчас працы над перакладам лацінскіх легенд на картах і гравюрах з калекцыі Нацыянальнага гістарычнага музея. Першакурснікі таксама падзяліліся сваімі даследчымі планамі ў межах праекта «Лаціна- і грэкамоўныя надпісы ў храмавай культуры Беларусі», прызванага пашырыць і паглыбіць даследаванне, пачатае папярэднікамі. Узгадалі і іншыя праекты студэнтаў кафедры.
Удзельнікі сустрэчы знайшлі шмат агульнага ў навуковых інтарэсах і дамовіліся пра далейшае супрацоўніцтва.




BY 
