21 сакавіка 2022 г. у рамках вывучэння дысцыпліны «Гісторыя беларускай літаратуры пачатку ХХ ст.», а таксама ў адпаведнасці з кафедральным планам мерапрыемстваў, прысвечаных 140-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, дацэнт кафедры гісторыі беларускай літаратуры І. І. Шматкова арганізавала наведванне студэнтамі 2 курса спецыяльнасці «Беларуская філалогія» Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.
Адукацыя сёння выходзіць за сцены, межы ўстановы, прастора пашыраецца, адукацыйны турызм – новы і важны трэнд. Студэнты з задавальненнем наведалі Купалаўскі музей, з цікавасцю паслухалі экскурсію па асноўнай экспазіцыі музея «Шляхі паэта». Веды, атрыманыя ў час універсітэцкіх лекцый і практычных заняткаў, былі дапоўнены знаёмствам з музейнымі экспанатамі (рукапісамі, кнігамі, фотаздымкамі, асабістымі рэчамі паэта), малавядомымі фактамі, звязанымі з жыццём і творчасцю Янкі Купалы.
Асаблівае захапленне выклікалі ітэрактыўныя зоны, звязаныя з адгадваннем назваў твораў паэта, віктарынай на тач-скрын экране. Студэнты з задавальненнем «паляталі» на парашуце, як герой верша «Хлопчык і лётчык», «шукалі» папараць-кветку на свяце Купалля. Яны паслухалі голас і нават убачылі галаграфічную інсталяцыю з выявай самога паэта.
Спадзяёмся, уражанні, атрыманыя студэнтамі-філолагамі ў час наведвання музея, будуць натхняць і матываваць іх да далейшага вывучэння творчасці класіка беларускай літаратуры.