Магістрант кафедры прыкладной лінгвістыкі 1-га курса навучання Гао Кай (КНР) сумесна з кітайскімі магістрантамі іншых факультэтаў БДУ прыняў удзел у культурна-пазнавальным мерапрыемстве “Тыдзень краін свету. Культурны калейдаскоп”, арганізаваным у адной з прыватных школ Мінска ў дні вясновых канікул.
“Тыдзень краін свету” адкрыўся днём Кітая. У панядзелак, 28 сакавіка, школьнікі і настаўнікі з ScrumSchool дзякуючы запрошаным кітайскім гасцям – магістрантам нашага ўніверсітэта – папоўнілі свае веды пра гісторыю і культуру Старажытнага Кітая, засвоілі вымаўленне і напісанне некаторых кітайскіх слоў, пабывалі ў якасці гледачоў у кітайскім “Тэатры ценяў”, навучыліся гатаваць кітайскую локшыну, розныя стравы кітайскай кухні.
Нашы магістранты змаглі не толькі прайсці своеасаблівы інтэнсіўны курс практыкі вуснага рускага маўлення, расказваючы пра кітайскія звычаі і адказваючы на шматлікія пытанні пра жыццё сучаснай кітайскай моладзі, але і праявіць свае педагагічныя і рытарычныя здольнасці, навучаючы школьнікаў каліграфіі і правільнаму вымаўленню, тлумачачы значэнні кітайскіх слоў і ўстойлівых вобразных выразаў, дэманструючы вербальныя спосабы вырашэння міжкультурных канфліктных сітуацый. А колькі яркіх эмоцый падарылі ўсім караоке на кітайскай мове і майстар-клас па выкарыстанню кітайскіх палачак (куайцзы)! Завяршэннем дня стала ўражальная экскурсія ў Інстытут імя Канфуцыя (БДУ).
Спадзяёмся, што, зацікавіўшыся кітайскай лінгвакультурай, вучні старэйшых класаў выявяць жаданне працягнуць яе вывучэнне на нашым факультэце, выбраўшы спецыяльнасць “Усходняя (кітайская) філалогія”.