Творчае аб'яднанне “Педагагічная майстэрня” кафедры раманскага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў супрацоўніцтве з ANILS (Асацыяцыя выкладчыкаў замежных моў, г. Турын, Італія) у лютым-красавіку 2022 г. арганізавалі марафон па італьянскай мове для школьнікаў.
У марафоне прынялі ўдзел каля 50 мінскіх школьнікаў, 25 студэнтаў філалагічнага факультэта, 5 экспертаў з Італіі, Расіі і Беларусі. Усяго было праведзена ў вочнай і дыстанцыйнай форме каля 140 урокаў для 8 груп рознага ўзроўню падрыхтоўкі.
Экспертамі гэтага праекта выступілі Алеся Панцялеенка, кандыдат філалагічных навук, загадчык кафедры раманскага мовазнаўства БДУ; Вікторыя Гарбанева, кандыдат педагагічных навук, дацэнт кафедры методыкі навучання замежным мовам інстытута замежных моў Расійскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта ім. А.І. Герцэна; П'ерпаала Бэтоні, загадчык аддзела «Mondo» ANILS; Анналіза Брыкезэ, загадчык аддзела “Italiano per stranieri” ANILS; Ганна Тупік, кіраўнік педагагічнай практыкі ад кафедры раманскага мовазнаўства БДУ, магістр педагагічных навук.
Падчас заняткаў былі выкарыстаны дыдактычныя матэрыялы, распрацаваныя студэнтамі філалагічнага факультэта, а таксама падручнік “LS Junior", карыстацца электроннай версіяй якога дазволіла выдавецтва “Loescher”. Пры падрыхтоўцы да ўрокаў у студэнтаў была магчымасць кансультавацца ў экспертаў, а таксама абараніць свае педагагічныя праекты.
Распрацоўка фрагмента ўрока на аснове падручніка LS Junior і яго абарона (студэнтка 5 курса Аліна Коросцік)
Бонусам для ўдзельнікаў марафону стала магчымасць наведваць бясплатныя заняткі з Сільвіяй Рампіна, выкладчыкам школы IDAM (г. Мілан, Італія).
Акрамя таго, у школьнікаў была магчымасць наведаць два майстар-класы па культуры і традыцыях Італіі, якія праводзіліся ў вочнай форме на філалагічным факультэце. На гэтых майстар-класах можна было даведацца пра цікавыя факты, якія датычацца вясновых італьянскіх свят, паразмаўляць на італьянскай мове, зрабіць падарункі сваімі рукамі.
23 красавіка 2022 г. удзельнікам мерапрыемства былі ўрачыста ўручаны сертыфікаты падчас мерапрыемства "Педагагічная майстэрня ў Пушкінцы". Падрабязней тут http://pushlib.org.by/node/2559.