23 красавіка творчае аб'яднанне «Педагагічная майстэрня» кафедры раманскага мовазнаўства БДУ наведала ДУ «Мінская абласная бібліятэка імя А.С. Пушкіна».
Сустрэча была прысвечана ўрачыстаму закрыццю марафону па італьянскай мове, які праводзіўся на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў лютым-красавіку 2022 г. і ў якім педагогамі выступілі студэнты творчага аб'яднання «Педагагічная майстэрня» філалагічнага факультэта.
Праграму мерапрыемства адкрылі арганізатары сустрэчы Алеся Панцялеенка, загадчык кафедры раманскага мовазнаўства; П'ерпаола Бэтоні, дырэктар сектара «Mondo» асацыяцыі выкладчыкаў замежных моў (ANILS, г. Турын, Італія); Таццяна Баранава, загадчык аддзела замежнай літаратуры бібліятэкі імя А.С. Пушкіна. Яны адзначылі ролю міжнародных адукацыйных праектаў для рознабаковага развіцця асобы ў цэлым і для папулярызацыі італьяністыкі ў Беларусі, у прыватнасці.
Працягнулася сустрэча выступленнямі ўдзельнікаў праекта Арсенія Садоўскага, Льва Носава, Арыяны Дзмітрук. Нягледзячы на юны ўзрост, яны ужо з'яўляюцца дыпламантамі і лаўрэатамі музычных, мастацкіх і танцавальных конкурсаў рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню.
У ходзе сустрэчы ўсе ўдзельнікі маглі азнаёміцца з выставай кніг на італьянскай мове для дзяцей і падлеткаў з фонду аддзела замежнай літаратуры бібліятэкі імя А.С. Пушкіна.
Падчас мерапрыемства студэнты творчага аб'яднання «Педагагічная майстэрня» філалагічнага факультэта БДУ правялі аўтарскія майстар-класы, распрацаваныя на аснове дыпломных работ.
Дар'я Кахавец з дапамогай серыі практыкаванняў патлумачыла школьнікам, як апісваецца знешнасць на рускай і італьянскай мовах, і якую ролю пры гэтым адыгрываюць прадукты харчавання. Аргіне Аўтандзілян, вывучыўшы італьянізмы ў эрганімічнай прасторы беларускіх гарадоў, стварыла квэст, прайшоўшы які, юныя філолагі даведаліся пра сакрэты назваў кафэ, магазінаў і іншых камерцыйных устаноў на вуліцах Мінска. Аліна Коросцік з выкарыстаннем аўдыёвізуальнага матэрыялу патлумачыла нацыянальную спецыфіку выражэння эмоцый у італьянскай мове. Дар'я Шаліма распрацавала коміксы для вывучэння італьянскай мовы. Вольга Аўчыннікава правяла майстар-клас з элементамі італьянскай мовы па пляценні бранзалетаў, калье, бірулек з каляровых макаронаў.
Завяршылася сустрэча ўрачыстым уручэннем сертыфікатаў і памятных падарункаў усім удзельнікам школы юнага філолага, якія прынялі ўдзел у вясновым марафоне філалагічнага факультэта «Лабараторыя па італьянскай мове для школьнікаў-2022».