Кафедра гісторыі беларускай літаратуры 10 мая 2022 г. падвяла вынікі відэаконкурсу чытальнікаў вершаў Янкі Купалы і Якуба Коласа «Веліч памятных радкоў…», які прысвечаны 140-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа і праведзены сярод студэнтаў 2 курса спецыяльнасцей «Беларуская філалогія» і «Руская філалогія» (арганізатар — дацэнт І. І. Шматкова). Удзельнікам неабходна было стварыць відэаролік працягласцю не больш за тры хвіліны з запісаным чытаннем верша Янкі Купалы ці Якуба Коласа на выбар студэнта. Відэаролік, апрача іншага, павінен быў змяшчаць тлумачэнне выбару верша. Пры ацэньванні конкурсных работ журы былі ўлічаны выразнасць прачытання, артыстызм, абгрунтаванне выбару верша, творчы падыход у стварэнні відэроліка і інш.
У конкурсе бралі ўдзел больш дзясятка студэнтаў, было даслана 9 відэаролікаў. Студэнты з вялікім захапленнем дэкламавалі ўлюбёныя вершы класікаў. З дапамогай відэа яны перанесліся ў мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю паэтаў (гэта і Купалава Вязынка, і Коласавы Акінчыцы), у розныя часы.
Студэнтка Ганна Несцер стварыла праект на аснове верша Якуба Коласа «Мінск», які быў напісаны паэтам пасля Вялікай Айчыннай вайны і прысвечаны адраджэнню горада пасля разбурэння. Студэнт Дзмітрый Суднік падзяліўся гісторыяй сваёй сям’і, уключыўшы ў ролік тэлефонныя ўспаміны сваёй бабулі – Людмілы Казанцавай, якая ў пачатку 1950-х гг. сустракалася з Якубам Коласам. Падарожнічаючы па Акінчыцах Стаўбцоўскага раёна – малой радзіме паэта, – студэнт дэкламуе ўрывак з байкі «Рак-вусач» Якуба Коласа – гэта быў першы вершаваны твор, з якім пазнаёмілася яго бабуля да моманту сустрэчы з народным паэтам. Марыя Пратасава арыгінальна ўвасобіла сваё падарожжа ў сне з горада ў вёску праз знаёмства з вершам Якуба Коласа «Лес».
У тандэме студэнткі Вікторыя Высоцкая і Аліна Літошка стварылі праект – яны «прымералі» ролі класікаў і абыгралі іх сустрэчу ў сучасным мінскім парку імя Янкі Купалы, прагучалі вершы «Раніца вясною» і «Лес». Вясновы пейзаж захапіў Вольгу Бялецкую, якая пад звонкі спеў птушак на фоне гарадскога краявіду з маладой зялёнай лістотай прачытала верш Янкі Купалы «Вясна».
Цікавыя відэаролікі створаны студэнтамі Карынай Ваврэнюк, Данай Грыневіч, Дар’яй Шамраевай. Вызначыўся яшчэ адзін творчы дуэт: выканаўца галоўнай ролі Дар’я Марчанка і рэжысёр-пастаноўшчык Аляксей Панчанкаў, якія стварылі яркі, адметны відэапраект, здзейснілі падарожжа ад малой радзімы паэта ў Вязынцы да купалаўскага парку ў Мінску.
Пераможцы конкурсу чытальнікаў вершаў Янкі Купалы і Якуба Коласа ўганараваны дыпломамі кафедры.