Замежныя магістранты філалагічнага факультэта наведалі Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

Напярэдадні святкавання Дня Перамогі (05.05.2022) група замежных магістрантаў філалагічнага факультэта і выкладчыкі кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры наведалі Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Экскурсія адбылася ў рамках запланаваных мерапрыемстваў, прысвечаных Году гістарычнай памяці, і накіравана на фарміраванне беражлівых адносін да падзей ваенных гадоў.

Супрацоўнікі музея правялі гасцей па дзесяці залах, расказалі аб жыцці беларусаў да вайны, нападзенні ворага і абарончых баях у Беларусі, пераломных этапах у ваенных дзеяннях, акупацыі і партызанскім руху, вызваленні Беларусі і подзвігу народа, які неабходна памятаць і берагчы для будучых пакаленняў.

Вялікая колькасць экспанатаў і ўнікальная атмасфера музея ўразілі замежных магістрантаў. Яны змаглі пазнаёміцца з багатай культурна-гістарычнай спадчынай нашай краіны і адкрылі для сябе шмат новага аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны.

Пасля экскурсіі магістранты падзяліліся сваімі ўражаннямі.

«Экспанаты дзесяці залаў музея, у тым ліку залы Перамогі, у якіх экспануюцца баявыя сцягі, зброя, дакументы, фатаграфіі сведчаць аб мужнасці і гераізме абаронцаў Айчыны. Атмасфера музея нагадала аб вайне, аб загінулых людзях і аб тым, якім коштам далася Перамога савецкаму народу».

«Мы ўбачылі, што вайна была трагедыяй для беларускага народа: дзеці, якія загінулі ў дзіцячых канцлагерах, цалкам разбураны Мінск, сям'я, дзе застаўся жывы толькі адзін бацька».

«Паважаныя выкладчыкі! Дзякуй вам, што напярэдадні свята Дня Перамогі запрасілі нас на экскурсію ў музей Вялікай Айчыннай вайны! Мы вам вельмі ўдзячныя! Для нас гэта важна! Музей сучасны і сапраўдны. У ім шмат праўды аб вайне. Мы ўбачылі шмат цікавага: вялікая зала з ваеннай тэхнікай, фігуры салдат, інсталяцыю Брэсцкай крэпасці, салдацкую пошту, форму прыгожых і смелых лётчыц, фатаграфіі герояў, іх асабістыя рэчы, ордэны і медалі. Наведванне музея дапамагло нам больш даведацца пра гераічнае мінулае беларускага народа і аддаць даніну памяці ўсім загінулым на вайне».

2022 05 05 16 08 05 204

2022 05 05 16 06 04 164