15 красавіка кафедрай беларускага мовазнаўства філалагічнага факультэта БДУ (загадчык кафедры – доктар філалагічных навук прафесар М. Р. Прыгодзіч) і студэнтамі спецыяльнасці «Беларуская філалогія» Біруковай Анастасіяй і Змітрукевіч Антанінай быў прадстаўлены культурна-адукацыйны праект «Тыдзень беларускай мовы ў БДУ» на ХІХ Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці. Куратар праекта – кандыдат філалагічных навук дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства А. Л. Садоўская. Падтрымала студэнтаў і аўтараў праекта падчас яго прэзентацыі намеснік дэкана па вучэбна-выхаваўчай рабоце філалагічнага факультэта В. П. Крычко.
Аўтары праекта расказалі наведвальнікам выставы, што правядзенне Тыдня роднай мовы на філалагічным факультэце пачалося ў лютым 2005 года і звязана з устанаўленнем пад эгідай ЮНЕСКА Міжнароднага дня роднай мовы, які спрыяе лінгвістычнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі, а таксама ўсведамленню моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменні, талерантнасці і дыялогу.
Мэтай правядзення Тыдня роднай мовы з’яўляецца дзейснае выкананне «Закона Рэспублікі Беларусь аб мовах у Рэспубліцы Беларусь», клопат аб паважлівых адносінах да нацыянальнай годнасці чалавека, яго культуры і мовы, аб свабодным развіцці і ўжыванні ўсіх нацыянальных моў, якімі карыстаецца насельніцтва краіны.
Былі прэзентаваны і асноўныя структурныя складнікі праекта: урачыстае адкрыццё тыдня роднай мовы на філалагічным факультэце, дзень беларускай дзяржаўнасці, дзень беларускай навукі, дзень перакладу, лінгвістычна-мастацка-дыскусійная гасцёўня, інтэлектуальна-пазнавальныя гульні і конкурсы для студэнтаў філалагічнага факультэта. Асобна ўдзельнікі расказалі пра асаблівасці і формы правядзення Тыдня роднай мовы на іншых факультэтах БДУ.
Спадзяёмся, што ўдзел у рэспубліканскай выставе для аўтараў праекта стане штуршком да яго далейшага развіцця і пашырэння і правядзенне Тыдня роднай мовы ў БДУ выйдзе на новы, больш высокі ўзровень.





BY 
