Тэлемост “Ад вучэбнага дыялогу да міжнароднага супрацоўніцтва” (Рэспубліка Беларусь – Кітайская Народная Рэспубліка)

24 красавіка 2021 года ў 11.00 па мінскім часе адбыўся тэлемост паміж студэнтамі Хэнаньскага навукова-тэхнічнага ўніверсітэта (г. Лаян, Кітай) і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (г. Мінск, Беларусь) “Ад вучэбнага дыялогу да міжнароднага супрацоўніцтва”, прымеркаваны да трох стогадовых юбілеяў: 100-годдзя Кітайскай Народнай Рэспублікі, 100-годдзя Камуністычнай партыі Кітая, 100-годдзя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Нагода правядзення тэлемоста – пошукі моўнага асяроддзя для паляпшэння ўзроўню валодання вывучаемай замежнай мовай. Значэнне правядзення тэлемоста – умацаванне сяброўства і супрацоўніцтва паміж студэнтамі, прагназаванне магчымасцей супрацоўніцтва паміж структурнымі падраздзяленнямі абодвух універсітэтаў.

У тэлемосце прынялі ўдзел студэнты першага курса спецыяльнасці «Усходняя філалогія» філалагічнага факультэта БДУ і студэнты трэцяга курса спецыяльнасці «Аўтаматызацыя» сумеснага навучання Інстытута міжнароднай адукацыі Хэнаньскага навукова-тэхнічнага ўніверсітэта і Томскага політэхнічнага ўніверсітэта. Тэлемост быў арганізаваны намаганнямі выкладчыкаў кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры Т. У. Ігнатовіч, В. У. Праскаловіч, Т. У. Рубанік.

Для абмеркавання былі прапанаваны наступныя пытанні:

1. Мой горад: што я магу расказаць замежнаму сябру?

2. Мой універсітэт: прыярытэты адукацыі і навукі.

3. Жыццё студэнта ў Кітаі і Беларусі.

Для прадстаўлення сваёй краіны, горада, універсітэта студэнты падрыхтавалі відэаролікі і фотаздымкі. Удзельнікі тэлемоста расказалі пра паўсядзённае жыццё студэнтаў, іх інтарэсы і захапленні, жыццё ў інтэрнаце, сваю будучую прафесію. Гутарка ішла на рускай і кітайскай мовах. Было прынята рашэнне зрабіць такія сустрэчы рэгулярнымі, тым больш што нефармальныя зносіны арганізаваны і вядуцца пастаянна ў сумеснай групе ў кітайскай сацыяльнай сетцы Wechat.