28 сакавіка 2022 года супрацоўнікі кафедры беларускага мовазнаўства – загадчык кафедры прафесар Мікалай Рыгоравіч Прыгодзіч і прафесар Ірына Алегаўна Гапоненка – наведалі школу № 1 в. Копішча Мінскага раёна. Там яны выступілі з прафарыентацыйнай гутаркай, прынялі ўдзел у пасяджэнні метадычнага аб’яднання, паразмаўлялі з настаўнікамі-прадметнікамі. У выніку былі дасягнутыя дамовы аб супрацоўніцтве ў арганізацыі работы школьных гурткоў філалагічнага профілю, кансультатыўнай дапамогі пры падрыхтоўцы работ для конкурсаў навуковых вучнёўскіх прац, у справе папаўнення школьнай бібліятэкі навуковымі і навукова-папулярнымі выданнямі.
У школе паспяхова працуюць выпускнікі філфака розных гадоў – Святлана Анатольеўна Мультан (выпускніца 1992 года) і Анастасія Дзмітрыеўна Пажытак (выпускніца 2020 года). З радасцю тут прымуць нашых студэнтаў на філалагічную практыку.
Школа, дзе прайшла сустрэча, мае сімвалічную назву – Школа будучыні. Маем вялікія надзеі ў будучым пабачыць яе навучэнцаў на філалагічным факультэце у якасці слухачоў “Школы юнага філолага” і студэнтаў розных спецыяльнасцей.