1 снежня 2022 года адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы “Переводные мосты”, арганізаванай пры ўдзеле ДУ “Мінская абласная бібліятэка імя А.С. Пушкіна». На экспазіцыі прадстаўлены пераклады мастацкай і навукова-папулярнай літаратуры, якія былі зроблены выкладчыкамі кафедры раманскага мовазнаўства Надзеяй Каіроні, Людмілай Мельнікавай, Таццянай Мазговай, Сяргеем Логішам, Марыянай Салеевай, Алесяй Панцялеенка, Нінай Цыбульскай, Кацярынай Івановіч.
Выстава адкрывае серыю сустрэч, прымеркаваных да 25-гадовага юбілею заснавання французскага і італьянскага аддзяленняў на філалагічным факультэце БДУ.
Мерапрыемства адкрылася музычным нумарам у выкананні студэнцкага творчага калектыву “Хоровая капелла” пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка кафедры Людмілы Мельнікавай.
Далей з прывітальным словам выступілі загадчык кафедры раманскага мовазнаўства Аляксей Тучынскі і загадчык аддзела замежнай літаратуры бібліятэкі Т.В. Баранава, якія расказалі пра важнасць такіх мерапрыемстваў для знаёмства студэнтаў з дасягненнямі сваіх педагогаў і для ўсведамлення перспектыў атрыманай прафесіі.
У ходзе мерапрыемства дацэнт кафедры замежнай літаратуры Сяргей Логіш расказаў пра гісторыю развіцця раманскай філалогіі на факультэце, падзяліўся вопытам шматгадовай перакладчыцкай дзейнасці, а таксама прадэкламаваў свае пераклады беларускай паэзіі.
Працягнула вечар дацэнт кафедры раманскага мовазнаўства Марыяна Салеева. Яна пазнаёміла студэнтаў з праектамі творчага аб'яднання "Переводческая мастерская", якім кіруе, нагадала студэнтам аб магчымасцях, якія раскрываюцца перад імі ў ходзе перакладчыцкай практыкі.
Трэба адзначыць, што на выставе прадстаўлены таксама работы выпускніцы філалагічнага факультэта аддзялення італьянскай філалогіі Крысціны Дыкселітэ.
Пасля заключнага слова дацэнта кафедры раманскага мовазнаўства Алесі Панцялеенка і музычнага сюрпрыза ад творчага калектыву «Хоровая капелла» госці выставы перайшлі да кулуарных гутарак ва ўтульнай атмасферы за кубачкам гарбаты.
Кафедра раманскага мовазнаўства шчыра дзякуе калектыву аддзела замежнай літаратуры бібліятэкі за цёплы прыём і цеснае супрацоўніцтва пры арганізацыі мерапрыемства.






BY

