Сэрвісы

Урачыстасць з нагоды 101-й гадавіны выкладання беларускай літаратуры ў БДУ

Урачыстасць з нагоды 101-й гадавіны выкладання беларускай літаратуры ў БДУ

Паводле архіўных сведчанняў, гісторыя выкладання беларускай мовы і літаратуры ў нашай alma mater пачалася з працы Якуба Коласа ў 1921 годзе. Першую асобную ўніверсітэцкую кафедру (беларускай літаратуры і этналогіі, 1922) узначаліў прафесар  І.І. Замоцін, які заснаваў тут беларускую літаратуразнаўчую культурна-гістарычную школу. Ужо ў 1923 г. рэктарам У.І. Пічэтам на працу ў БДУ быў запрошаны Максім Гарэцкі. На працягу многіх дзясяцігоддзяў, разам з адкрыццём філалагічнага факультэта ў структуры ўніверсітэта (1939), фарміраваліся плённыя традыцыі цяперашняй кафедры гісторыі беларускай літаратуры. Яе загадчыкамі працавалі такія выбітныя вучоныя, як М.Р. Ларчанка, І.Я. Навуменка, В.В. Казлова, А.А. Лойка. На яе аснове здабылі свой плён і такія адгалінаванні, як кафедры тэорыі літаратуры і славянскіх літаратур (загадчыкі В.П. Рагойша, К.Р. Хромчанка, І.А. Чарота, Т.А. Марозава), беларусазнаўства, беларускай літаратуры і культуры, беларускай літаратуры ХХ ст. (загадчыкі У.А. Навумовіч, Т.І. ШамякінаЛ.Д. Сінькова), гісторыі беларускай літаратуры (загадчыкі У.Г. Кароткі, М.В. Хаўстовіч, Т.П. Казакова, А.І. Бельскі).

 Сярод карыфеяў, якія выкладалі беларускую літаратуру ў БДУ, вядомыя пісьменнікі і даследчыкі: А.М. Адамовіч, С.Х. Александровіч, Н.С. Гілевіч, Д.Я. Бугаёў, Р.М. Семашкевіч, М.А. Тычына і інш.

З нагоды свята літаратуразнаўцаў 15 снежня 2022 г. на філалагічным факультэце адбылася ўрачыстая сустрэча моладзі з выкладчыкамі-ветэранамі кафедры і яе выпускнікамі – членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Адкрыў сустрэчу дэкан факультэта Сяргей Важнік, які павіншаваў супрацоўнікаў кафедры гісторыі беларускай літаратуры і падараваў загадчыку кафедры Людміле Сіньковай спецыяльнае выданне “Новай зямлі” Якуба Коласа. Сустрэча сімвалічна праходзіла ў аўдыторыі “Народныя паэты і пісьменнікі Беларусі”: такое званне маюць у краіне ўсяго 18 творцаў, прычым 8 з іх або вучыліся, або выкладалі ў БДУ. Прысутныя цёпла віталі ветэранаў кафедры, дацэнтаў А.Л. Вераб’я, Т.П. Казакову і У.А. Навумовіча.

Старшыня Мінскага гарадскога аддзялення СП Беларусі М.П. Пазнякоў і ўдзельнікі гэтай творчай арганізацыі прэзентавалі нядаўна выдадзеную кнігу паэзіі пад назвай “Памяць – бяссмерце народа”. У аўтарскім выкананні прагучалі вершы Міхася Пазнякова, Валянціны Паліканінай, Тамары Кавальчук, Кацярыны Роўда, а таксама песні на словы беларускіх паэтаў у выкананні пад гітару барда і прафесійнага мастака Віктара Мяцельскага.

Сярод удзельнікаў імпрэзы, акрамя студэнтаў, былі вучні ДУА “Сярэдняя школа № 104 г. Мінска”, якія, магчыма, таксама прыйдуць вучыцца на філалагічны факультэт.

26 12 2022

26 12 2022 2

26 12 2022 5

26 12 2022 1

Image

Рэсурсы

Image
Image