9 лютага 2023 г. на філалагічным факультэце адбылася сустрэча студэнтаў 1 курса спецыяльнасці «Славянская (сербская) філалогія» з сербскім перакладчыкам Даянай Лазарэвіч, магістрам філалогіі, членам двух творчых саюзаў – Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Сербіі. Даяна Лазарэвіч пераклала на сербскую мову «Вянок» Максіма Багдановіча, «Пережитки древнего миросозерцания у белорусов» Адама Багдановіча, зборнікі выбраных твораў Янкі Купалы, беларускіх народных паданняў і легенд, беларускіх народных казак і інш.
На сустрэчы прысутнічалі прафесар кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства прафесар Іван Чарота, загадчык кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства дацэнт Таццяна Марозава, дацэнт кафедры тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства дацэнт Ганна Навумава, дацэнт кафедры сучаснага мовазнаўства Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта дацэнт Мікіта Супрунчук.
Даяна Лазарэвіч расказала аб беларуска-сербскіх літаратурных сувязях і аб тым, якую ролю выконвае ў гэтым перакладчыцкая дзейнасць. Асаблівую ўвагу яна звярнула на вынік рэалізацыі беларуска-сербскага навуковага праекта ў гэтай галіне – стварэнне інтэрнет-сайта «RAFTRO» – і ўручыла выканаўцам гэтага праекта Івану Чароце, Ганне Навумавай і Мікіту Супрунчуку сертыфікаты аўтараў-распрацоўшчыкаў сайта.
Напрыканцы сустрэчы Даяна Лазарэвіч адказала на пытанні студэнтаў і выкладчыкаў аб праблемах перакладу літаратурных і фальклорных твораў і асаблівасцях культурных узаемаўплываў.





BY

