14 сакавіка 2024 года кафедра тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства арганізавала і правяла круглы стол з нагоды юбілея чэшскага пісьменніка-рэаліста Яна Нэруды. Мадэратарам і натхняльнікам мерапрыемства выступіла дацэнт кафедры Алена Вострыкава. У працы круглага стала ўзялі ўдзел студэнты-багемісты 3 курса спецыяльнасці “славянская філалагія”. Прысутнічалі на мерапрыемстве таксама студэнты-балгарысты 3 курса спецыяльнасці “славянская філалагія” і загадчык кафедры дацэнт Таццяна Марозава.
Адкрыў пасяджэнне круглага стала Алег Шадруноў, прадставіўшы прэзентацыю жыцця і творчасці мэтра чэшскай пісьменнасці ХІХ стагоддзя Яна Нэруды. Далей эстафету пераняла Аляксандра Балацэвіч, якая падрыхтавала глыбокі аналітычны агляд паэзіі чэшскага творцы, расказаўшы пра змест і мастацкую спецыфіку шасці зборнікаў Нэруды. Яе выступленне перамяжалася чытаннем вершаў Яна Нэруды з названых зборнікаў у арыгінале і перакладзе, што акторскі здзейсніў Іммануэл Ндукве. Марыя Фенько падрыхтавала прэзентацыю і кранальны аповед пра гісторыі кахання і муз Нэруды, пачытала вершы, прысвечаныя яго любімым жанчынам, урыўкі з ліставання пісьменніка і яго каханых.
Кацярына Семенас падрабязна і грунтоўна распавяла пра праграмны празаічны цыкл “Маластранскія аповесці”, даўшы ўсебаковы і шматаспектны філалагічны аналіз названага твора. Потым студэнтка зачытала ўрыўкі з адной аповесці. Іммануэл Ндукве прэзентаваў сучасную экранізацыю дадзенага твора.
Аляксандра Баразна прадставіла ўдзельнікам круглага стала прэзентацыю пад назвай “Ян Нэруда вачыма літаратурнай крытыкі”. Яна зрабіла вельмі цікавую падборку цытат з даследаванняў уплывовых чэшскіх крытыкаў па вершах і прозе Нэруды розных перыядаў яго творчасці і розных часоў, прадэманстраваўшы шматгранныя падыходы да аналізу яго спадчыны.
Чэкун Ганна паспрабавала параўнаць творчасць Яна Нэруды і Якуба Коласа. У сваёй прэзентацыі студэнтка указала на шэраг паралеляў у жыцці і творчасці двух майстроў слова. Галоўным пасылам выступлення Ганны стаў тэзіс аб тым, што Нэруда і Колас – песняры нацыянальнага народнага жыцця, так па-майстэрску прадстаўленага ў творах “Маластранскія аповесці” і “Новая зямля”.
Напрыканцы слова ўзяла Паліна Давыдава, якая паглядзела на творчасць Яна Нэруды вачамі штучнага інтэлекту. Яна вывела на экран партрэты пісьменніка і малюнкі да яго асобных зборнікаў і твораў, якія былі згенерыраваны штучным інтэлектам, а прысутныя адгадвалі па гэтых малюнках назвы адпаведных зборнікаў і твораў .