9 красавіка 2024 года на філалагічным факультэце прайшло пашыранае пасяджэнне навуковай школы БДУ «Тэорыя і практыка выкладання мовы, літаратуры і рыторыкі», арганізаванае кафедрай рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры сумесна з партнёрамі – навуковай школай «Тэорыя і методыка навучання і выхавання (беларуская мова, руская мова)» (ДУА «Акадэмія адукацыі»).
З вітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнулася намеснік дэкана па навуковай рабоце і міжнародным супрацоўніцтве, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Таццяна Васільеўна Мальцэвіч, якая акцэнтавала ўвагу на ролі заснавальніка навуковай супольнасці прафесара Мурынай Ларысы Аляксандраўны і важнасці дзейнасці грамадскага аб’яднання ў форме навукова-педагагічнага руху, асноўнай мэтай дзейнасці якога з’яўляецца ажыццяўленне навукова-даследчай работы, падрыхтоўка навукова-педагагічных кадраў, фарміраванне адмысловага тыпу навуковага мыслення, забеспячэнне пераемнасці пакаленняў у працэсе падрыхтоўкі навукова-педагагічных кадраў.
З прапановамі па развіцці навукова-даследчага партнёрства Акадэміі адукацыі і ўніверсітэцкай кафедры выступіла прарэктар па навуковай рабоце ДУА «Акадэмія адукацыі», доктар педагагічных навук, дацэнт Зелянко Вольга Уладзіміраўна.
Вялікую цікавасць выклікаў даклад галоўнага навуковага супрацоўніка лабараторыі гуманітарнай адукацыі, доктара педагагічных навук, прафесара Валочка Ганны Міхайлаўны, прысвечаны міжнароднаму супрацоўніцтву Акадэміі адукацыі ў навуковай сферы, актуальным распрацоўкам у вобласці методыкі выкладання беларускай мовы як замежнай, новым тэндэнцыям моўнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь.
У дакладзе старшага навуковага супрацоўніка лабараторыі гуманітарнай адукацыі Цемушавай Кацярыны Аляксандраўны былі прадстаўлены метадычныя сродкі рэалізацыі выхаваўчага патэнцыялу вучэбных прадметаў «Беларуская літаратура», «Руская літаратура», распрацаваныя ў рамках НДР з удзелам супрацоўнікаў кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры БДУ.
Са справаздачай аб выніках выканання інавацыйнага праекта ў галіне адукацыі «Укараненне мадэлі фарміравання чытацкай пісьменнасці ў навучэнцаў ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі (2021-2024)» (зацвердж. загадам Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь) выступіла навуковы кансультант праекта, кіраўнік навуковай школы БДУ, прафесар кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры, доктар педагагічных навук Вольга Уладзіміраўна Праскаловіч.
Кіраўнік інавацыйнага праекта, настаўнік-метадыст філіяла «Мінскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж імя М.С. Высоцкага» УА «Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі» Мікалай Васільевіч Жуковіч у сваім выступленні закрануў пытанні тыражавання паспяховых інавацыйных практык, распаўсюджвання інавацыйнага вопыту.
Пасяджэнне навуковай школы завяршылася круглым сталом, падчас якога супрацоўнікі кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры БДУ і прадстаўнікі Акадэміі адукацыі абмеркавалі перспектыўныя напрамкі навуковага супрацоўніцтва.