6 мая 2024 г. на адукацыйным партале філалагічнага факультэта БДУ на старонцы кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства ў раздзеле «Вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору» была прадстаўлена віртуальная прэзентацыя «Успаміны, апаленыя вайной: па старонках фальклорных запісаў з Фонду вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору». Прэзентацыя прысвечана Дню Перамогі і 80-годдзю вызывалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Падрыхтавалі прэзентацыю супрацоўнікі вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору БДУ на чале з загадчыкам Верай Дзенісенка, якія ўпершыню прадставілі архіўныя матэрыялы перыяду Вялікай Айчыннай вайны.
Віртуальная прэзентацыя складаецца з васьмі тэматычных блокаў. Першы блок прысвечаны сведку Вялікай Айчыннай вайны, блакадніцы, былой супрацоўніцы філалагічнага факультэта, заснавальніцы ўніверсітэцкай школы фалькларыстыкі кандыдату філалагічных навук, дацэнту Веры Захаравай.
Другі тэматычны блок складае агляд літаратуры па фальклору ваенных гадоў. Тры наступныя блокі знаёмяць з успамінамі сведкаў Вялікай Айчыннай вайны. Гэтыя матэрыялы былі сабраны былымі студэнтамі філалагічнага факультэта БДУ ў розныя гады падчас праходжання фальклорнай практыкі і захаваліся ў Фондзе фальклорных матэрыялаў вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору. Пошук, выбарку і рэтраканверсію архіўных запісаў ажыццяўлялі супрацоўнікі лабараторыі – спецыялісты па забеспячэнні вучэбнага працэсу Кацярына Батура і Анастасія Сцельмашук.
Сярод шматлікіх матэрыялаў вартым увагі з’яўляецца аповед пра малавядомых герояў Вялікай Айчыннай вайны – пра падпольшчыцу, якая знаходзілася ў канцэнтрацыйным лагеры ў Францыі. Цікавым штрыхом тут з’яўляецца афармленне гэтых успамінаў у выглядзе лістоў ваеннага ліхалецця.
Асобнае месца належыць дзённіку вязня канцлагера, які можна “віртуальна” пагартаць на старонцы прэзентацыі. Два апошнія блокі змяшчаюць архіўныя фотаздымкі і гукавыя запісы фальклору ваеннага часу.
Вынікам мерапрыемства стала асэнсаванне гісторыі і абуджэнне цікавасці студэнтаў да нацыянальнай фальклорнай спадчыны. Менавіта праз шанаванне памяці ветэранаў і малавядомых герояў Вялікай Айчыннай вайны маладое пакаленне бачыць шлях далучэння да сваіх каранёў і імкнецца да ідэнтычнасці, якая жыве ў кожным з нас, беларусаў.
З віртуальнай прэзентацый можна пазнаёміцца па спасылцы


BY

