У канцы 2023-2024 навучальнага года на філалагічным факультэце былі падведзены вынікі працы Школы юнага раманіста і ўзнагароджаны сертыфікатамі самыя актыўныя і матываваныя слухачы, навучэнцы 8, 10-11 класаў («ДУА Гімназія 28 г. Мінска», «ДУА Гімназія 11 г. Мінска», "ДУА Гімназія № 13 г. Мінска", ДУА "Сярэдняя школа № 179 г. Мінска").
У межах заняткаў школы юнага філолага-раманіста навучэнцы 8-10-11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі г. Мінска з кастрычніка 2023 г. па май 2024 г. наведвалі заняткі ў адпаведнасці з раскладам Школы. Заняткі праходзілі ў вочным фармаце на кафедры раманскага мовазнаўства (кожны другі чацвер з 16.30 да 18.00 і кожную другую суботу з 12.30 да 14.00.) Заняткі праводзіла адказны за Школу юнага раманіста к.ф.н., дацэнт кафедры Г.В. Квачак.
Мэтай заняткаў было паляпшэнне вуснага і пісьмовага маўлення на французскай мове, развіццё цікавасці да філалагічных дысцыплін і развіццё навыкаў міжкультурных зносін на французскай мове. Абраная мэта вызначалася тым, што будучая прафесія слухачоў будзе звязана з французскай мовай.
Акрамя засваення праграмы Школы юнага філолага-раманіста за 2023-2024 навучальны год, задачай кафедры раманскага мовазнаўства было таксама далучэнне патэнцыйных абітурыентаў рамана-германскай (французскай і італьянскай) філалогіі філалагічнага факультэта БДУ да грамадскага жыцця факультэта і знаёмства з навучальным працэсам унiверсiтэта.
Па запрашэнні Квачак Г.В. слухачы Школы юнага філолага-раманіста падчас восеньскіх канікулаў (30.10) наведалі практычныя заняткі па курсе “Тэорыя і практыка перакладу (французская мова)” на 3 курсе. Вучні 11 класа мінскай гімназіі № 28 актыўна ўдзельнічалі ў абмеркаванні пытанняў семінарскіх заняткаў, выконвалі прапанаваныя заданні, знаёміліся са спецыфікай універсітэцкай адукацыі, пагутарылі са студэнтамі 3 курса аддзялення французскай філалогіі. Знаёмства з кафедрай раманскага мовазнаўства і са студэнтамі працягнулася: у лістападзе 2023 года вучні 11 класа мінскай гімназіі № 28 разам са студэнтамі 3 курса аддзялення французскай філалогіі наведалі справаздачны канцэрт творчага аб'яднання Belcoro (кіраўнік – ст. выкл. кафедры Л.С. Мельнікава). Такім чынам, слухачы далучыліся да італьянскай музыкі і італьянскай мовы. Хіты італьянскай эстрады ў выкананні вакальнага калектыву пад кіраўніцтвам Людмілы Сяргееўны зрабілі вялікае ўражанне на навучэнцаў.
У снежні заняткі Школы юнага філолага-раманіста адбыліся ў эўрыстычным фармаце. Быў арганізаваны моўны клуб "Беларусь паміж мінулым і будучым". Заняткі 02.12 і 09.12 правялі студэнткі 4 курса аддзялення французскай філалогіі Анастасія Забалотнава і Маргарыта Хаменка. Яны пазнаёмілі школьнікаў са сваімі адукацыйнымі праектамі на францускай мове. У ходзе гэтага мерапрыемства навучэнцы пад кіраўніцтвам студэнтак і пры ўдзеле Г.В. Квачак абмеркавалі на французскай мове вядомыя помнікі архітэктуры Мінска і Рэспублікі Беларусь і параўналі іх з аб'ектамі французскай культуры, а таксама, дзякуючы распрацаваным Забалотнавай Анастасіяй і Хаменка Маргарытай крэатыўным праектам, здзейснілі віртуальнае падарожжа ў Мірскі замак.
Вынікам узаемадзеяння Школы раманіста і студэнтаў аддзялення французскай філалогіі стала распрацоўка практыка-арыентаваных праектаў на французскай мове Забалотнавай Анастасіі і Хаменкі Маргарыты "Аб'екты ЮНЭСКА ў Беларусі" і "Экскурсія па Беларусі", якія былі паспяхова прадстаўлены ў ходзе абароны дыпломных работ. Створаныя праекты атрымалі выключна высокую ацэнку рэцэнзентаў, настаўнікаў французскай мовы Шыманоўскай В.У. (Мінскі абласны ліцэй) і Багданавай Г.У. (ДУА "Гімназія № 34 г. Мінска"). Па рашэнні адміністрацыі ДУА "Гімназія № 34 г. Мінска", ДУА "Гімназія № 28 г. Мінска" і Мінскага абласнога ліцэя практыка-арыентаваныя праекты Забалотнавай А. і Хаменка М. будуць укаранёныя ў навучальны працэс у 2024-2025 навучальным годзе, а выпускніцы БДУ правядуць майстар-класы для настаўнікаў французскай мовы.
Школу раманіста ў 2023-2024 навучальным годзе наведала 8 навучэнцаў, і ўсе яны былі ўзнагароджаны сертыфікатамi аб праходжанні ў 2023-2024 навучальным годзе курса "Школы юнага філолага" па кiрунку "Школа раманіста" за актыўнае наведванне вучэбных заняткаў і розных мерапрыемстваў кафедры i зацікаўленнасць у вывучэнні культуры краін раманскага маўлення.
Заняткі ў Школе раманіста дазволілі самай малодшай з юных раманістаў, навучэнцы сярэдняй школы № 179 г. Мінска Віталіне Казлоўскай, заняць першае месца на гарадской алімпіядзе па французскай мове.
Нашы дарагія абітурыенты і выпускнікі Школы раманіста, чакаем вас у якасці нашых студэнтаў!
Да новых сустрэч у наступным навучальным годзе!


BY

