29 студзеня 2025 г. студэнты 3 курса спецыяльнасці “Беларуская філалогія” і 2 курса “Славянская філалогія”, а таксама магістранты кафедры тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства ў суправаджэнні свайго куратара і выкладчыкаў дацэнтаў Анжалікі Садоўскай, Лады Алейнік, Ірыны Шматковай, Святланы Яніцкай прынялі ўдзел у мерапрыемстве, прысвечаным 100-гадоваму юбілею адзінага ў краіне беларускамоўнага грамадска-палітычнага і літаратурна-мастацкага часопіса для падлеткаў “Бярозка” (12+), які выдае вытворча-выдавецкае рэспубліканскае прадпрыемства “Дом прэсы” Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.
Сустрэча адбылася ў Нацыянальным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, студэнты і выкладчыкі з задавальненнем далучыліся да абмеркавання ў фармаце круглага стала гісторыі і перспектыў развіцця такога цікавага і карыснага выдання.
Вельмі цікава для студэнтаў было пазнаёміцца з загадчыкам аддзела прозы літаратурна-мастацкага і грамадска-палітычнага часопіса Саюза пісьменнікаў Беларусі “Полымя”, аўтарам шырокавядомых дапаможнікаў па літаратурнаму рэдагаванню Пятром Пятровічам Жаўняровічам, з унучкай народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы, кандыдатам мастацвазнаўства Аленай Атраховіч, а таксама з вядомай дзіцячай пісьменніцай Кацярынай Хадасевіч-Лісавой, якая спецыяльна для мерапрыемства прынесла галінкі бярозкі з маладымі зялёнымі лісточкамі. Сярод гасцей мерапрыемства таксама прысутнічалі дырэктары літаратурных музеяў Якуба Коласа, Янкі Купалы, Уладзіміра Караткевіча (г. Орша), дырэктар цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк Таццяна Швед. Круглы стол аб’яднаў вакол сябе сапраўдных аматараў беларускага слова.
Асабліва прыемна было ўбачыць сярод арганізатараў мерапрыемства супрацоўніцу рэдакцыі Ганну Белую, выпускніцу філалагічнага факультэта 2024 года, якая працуе ў “Бярозцы” адказным сакратаром па размеркаванні. Гэты факт яшчэ раз паказвае запатрабаванасць нашых выпускнікоў у розных сферах філалогіі.






BY

