Сэрвісы

Студэнты-філолагі на XXXII Мінскай міжнароднай кніжнай выставе

Студэнты-філолагі на XXXII Мінскай міжнароднай кніжнай выставе

13 сакавіка 2025 года ў межах XXXII Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу адбылася прэзентацыя навукова-папулярнага кніжнага выдання “Беларуская мова ад А да Я”, падрыхтаванага супрацоўнікамі Інстытута мовазанаўства імя Якуба Коласа ДУА “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры” НАН РБ. Магчымасць паслухаць аўтараў, задаць ім пытанні і патрымаць у руках свежае акадэмічнае выданне выпала студэнтам 3 курса спецыяльнасці “Беларуская філалогія” і дацэнту кафедры беларускага мовазнаўства Назаранка Ю.В.

Слова мелі аўтары ўнікальнай энцыклапедыі, якая ахоплівае амаль 800 гадоў існавання беларускай мовы, Ігар Лявонавіч Капылоў (кандыдат філалагічных навук, дырэктар філіяла “Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа” ДУА “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”) і Алена Мікалаеўна Лапцёнак (кандыдат філалагічных навук, загадчык адзела лексікалогіі і лексікаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа). Ідэя праекта належыць старшыні Прэзідыума НАН Беларусі акадэміку У.Р.Гусакову. Аўтары адзначылі беспрэцэдэнтную ёмістасць кнігі, пад вокладкай якой размешчаны звесткі аб першых пісьмовых помніках на беларускай мове, асаблівасцях алфавіту, першыя азбукі, слоўнікі, узоры дакументаў, тэксты не толькі на кірыліцы, але і лацінцы, кітабы (беларуская мова арабскай вяззю). Апошнія звесткі – самыя сучасныя, мы можам пазнаёміцца з моладзевымі жарганізмамі, запазычаннямі, выданнямі, прысвечанымі новым лінгвістычным тэндэнцыям.

Завяршыла прэзентацыю колішняя студэнтка філалагічнага факультэта, цяпер малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута Вераніка Косціна, якая курыравала тэхнічны бок выдання, размяшчэнне ілюстрацый, частак аўтэнтычных тэкстаў і пад. Яна адзначыла, што праца аўтарскага калектыву доўжылася дзевяць месяцаў, што надзвычай сімвалічна.

Віншуем калег з новым здзяйсненнем, дзякуем за працу, жадаем новых навуковых вышынь!

 Кніжная_выстава4.jpg

Кніжная_выстава5.jpg

Кніжная_выстава2.jpg

Кніжная_выстава3.jpg

Image

Рэсурсы

Image
Image