14 сакавіка дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства Т.Л. Чахоўская правяла гутарку са студэнтамі 2 курса біялагічнага факультэта БДУ (спецыяльнасць «Біятэхналогія»), прымеркаваную да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Мэта мерапрыемства – выхаванне прававой культуры асобы, грамадзянскасці, патрыятызму, прававой адказнасці.
У працэсе гутаркі было адзначана, што Канстытуцыя – гэта Асноўны Закон Рэспублікі Беларусь, збор галоўных правілаў, устаноўленых грамадзянамі нашай краіны. Канстытуцыя вызначае дзяржаўны і грамадскі лад Беларусі, правы і абавязкі яе грамадзян, узаемаадносіны кожнага грамадзяніна з дзяржавай і грамадствам. Канстытуцыя валодае найвышэйшай юрыдычнай сілай. Вяршэнства Канстытуцыі як асноўнага Закона выяўляецца ў тым, што ўсе законы і іншыя акты дзяржаўных органаў выдаюцца ў адпаведнасці з ёй.
Выкарыстоўваючы матэрыялы відэасюжэта «15 сакавіка – Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь» (https://www.youtube.com/watch?v=1-16DFM1-v4), падрыхтаванага Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў, Т.Л. Чахоўская расказала навучэнцам пра гісторыю стварэння, прыняцця, унясенні змяненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. У межах адкрытага дыялогу педагог арганізавала дыскусію, прапаноўваючы студэнтам успомніць артыкулы Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і звязаць іх з уласным жыццёвым вопытам.
На думку навучэнцаў, наша дзяржава, надзеленая народам уладай, не толькі забяспечвае ў поўным аб'ёме правы і свабоды грамадзян, але і вызначае іх абавязкі – выконваць Канстытуцыю, законы і паважаць нацыянальныя традыцыі, годнасць, законныя інтарэсы іншых асоб. Па ўсіх асноўных параметрах Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь – гэта асноўны Закон развітога, свабоднага грамадства, дакумент, у якім знайшлі адлюстраванне вопыт канстытуцыйнага будаўніцтва і базавыя агульначалавечыя каштоўнасці.
Канстытуцыя ўвасобіла ў сабе пераемнасць і вопыт шматвяковага гістарычнага шляху Беларусі, акрэсліла новы этап у палітычным і сацыяльна-эканамічным развіцці нашай краіны. Яна грунтуецца на неад'емным суверэнным праве беларускага народа мець сваю дзяржаўнасць і быць паўнапраўным суб'ектам сусветнай супольнасці.
Канстытуцыя стала не толькі адлюстраваннем палітычных і сацыяльна-эканамічных трансфармацый, але і дакументам, які вызначыў на дзесяцігоддзі наперад вектар развіцця нацыянальнай дзяржаўнасці і ўдасканалення дэмакратычных інстытутаў.
Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе кожнаму грамадзяніну свабоды і правы, неабходныя для стваральнай працы, годнага жыцця і гарманічнага ўсебаковага развіцця асобы.


BY 
